Сталі вядомыя ўмовы выдачы расейскага крэдыту для Беларусі

Расейскі крэдыт будзе выдадзены ў два этапы і прынамсі першы транш пойдзе на рэфінансаванне папярэдніх даўгоў Беларусі перад РФ.

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі наменклатуры распавёў, што крэдыт у $ 1,5 млрд, які Уладзімір Пуцін у Сочы паабяцаў выдзеліць Беларусі, пойдзе на рэфінансаванне папярэдніх даўгоў краіны перад РФ.

«Павінен вам сказаць, што гэта было маё патрабаванне. І прэмʼер, і міністр фінансаў мне прапанавалі выплаціць гэты крэдыт – сёлета мы мільярд павінны былі ім па старым нашым абавязкам вярнуць. Пры ўсіх складанасцях мы гатовыя былі вярнуць гэты мільярд. Гэта не новы крэдыт. Гэта была мая просьба да кіраўніцтва Расеі аб тым, што мы гэты мільярд сёлета вам не выплачваем, пакідаем у сябе і пераносім на будучы год. Працэнт там прымальны. То бок, гэта пытанне рэфінансавання», – цытуе Лукашэнку БелТА.

Міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў сёння заявіў, што Расея выдасць Беларусі крэдыт у два этапы – $ 1 млрд у 2020 годзе і $ 500 млн у 2021 годзе.

«Мы ў бягучым годзе хочам даць $ 1 млрд, з якіх $ 500 млн за кошт Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця, $ 500 млн – за кошт міждзяржкрэдыту. У наступным годзе – $ 500 млн за кошт міждзяржкрэдыту», – цытуе міністра ТАСС.

ІІ belsat.eu

Hавiны