Сталі вядомыя найбуйнейшыя экспарцёры зброі ў свеце


ЗША, Расея і Францыя ўтрымліваюць лідарства па экспарце ўзбраенняў у свеце, вынікае з новага дакладу Стакгольмскага міжнароднага інстытута даследавання праблем міру (SIPRI). Аднак за апошнюю пяцігодку экспарт зброі з Расеі прыкметна скараціўся, а ЗША ўмацавалі дамінуючае становішча, піша РБК.

У сукупнасці пяць найбуйнейшых экспарцёраў зброі – ЗША, Расея, Францыя, Германія і Кітай, – з 2014 па 2018 год забяспечылі 75% сукупнага аб’ёму сусветнага экспарту ўзбраенняў. За апошнюю пяцігодку ЗША павялічылі адрыў ад іншых пастаўшчыкоў зброі. Да 2018 года экспарт узбраенняў з ЗША вырас на 29% у параўнанні з перыядам 2009 – 2013 гадоў. У цэлым Злучаныя Штаты занялі 36% абʼёму сусветнага рынку ўзбраенняў.

«За апошнія пяць гадоў ЗША пастаўлялі зброю як мінімум у 98 краін; гэтыя пастаўкі часта ўключалі ў сябе сучасную зброю, такую як баявыя самалёты, крылатыя і балістычныя ракеты малой далёкасці і вялікая колькасць кіраваных бомбаў», – заявіў дырэктар Праграмы ўзбраенняў і ваенных выдаткаў SIPRI Од Флеран.

Абʼём расейскага экспарту ўзбраенняў за той жа перыяд скараціўся на 17%. Прычынай стала скарачэнне імпарту Індыяй і Венесуэлай. Гэта кампенсуецца тым, што расце доля ЗША і еўрапейскіх краінаў з топ-5: у 2014-18 Францыя павялічыла экспарт узбраенняў на 43%, а Нямеччына – на 13%.

Ваенныя закупкі нарошчваюць краіны блізкага Ўсходу. У 2014 – 2018 года імпарт зброі блізкаўсходніх краінаў павялічыўся на 87%. На Блізкі Усход наагул прыпадае 35% сусветнага абʼёму імпарту ўзбраенняў.

У снежні SIPRI апублікавала дадзеныя, паводле якіх Расея ўпершыню з пачатку 2000-х гадоў выйшла на другое месца ў свеце па вытворчасці зброі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў