Стала вядомае імя забітага на Пушкінскай. Жонка даведалася пра смерць мужа ад журналістаў


Аляксандр Тарайкоўскі, паводле жонкі, меў з сабой толькі майку, шорты і тэлефон.

Пра тое, што муж загінуў, жонка даведалася ад журналістаў увечары 12 жніўня. 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі загінуў на Пушкінскай позна ўвечары 10 жніўня. Пра гэта піша Радыё «Свабода».

Акцыя салідарнасці на станцыі метро Пушкінская, дзе загінуў удзельнік пратэстаў. У ёй прынялі ўдзел паслы краін ЕС. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Света Фар / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Паводле афіцыйнай версіі, у яго ў руках узарвалася выбуховая прылада. Сваякі ў гэта ня вераць. Паводле жонкі, 10 жніўня каля 20:00 яны вярнуліся з дачкой з прагулкі.

«Ён быў вельмі абураны тым, што людзей затрымліваюць, страляюць. Даведаўся, што там збіраюцца людзі, і сказаў, што пойдзе ў сваю кватэру ў тым раёне, – апавядае жанчына. – Пры ім нічога не было: шорты, белая майка, тэлефон. Пашпарт ягоны ў мяне. У яго там кватэра побач».

Каля 22:30 Аляксандр пазваніў жонцы і сказаў, што ідзе дахаты. З гэтага моманту сям’я ня мела аніякіх звестак, шукалі яго ў шпіталях і базах затрыманых.

У версію, што муж загінуў ад выбуховай прылады, жанчына ня верыць.

«Нічога пры ім не было, нічога гэтага ён ня ўмее», – кажа яна.

Hавiны
Першая ахвяра: загінуў чалавек
2020.08.11 00:46

Жанчына кажа, што з Аляксандрам яны афіцыйна не распісаныя, маюць 3-гадовую дачку. Але ў яго ёсць бацька, сястра.

«Чаму ім не паведамілі? У яго тэлефон быў, можна ж было ў тэлефоне паглядзець нумары, камусьці пазваніць, – пытаецца жанчына.

13 жніўня пасля званка журналістаў сям’я звярнулася ў Следчы камітэт, дзе сказалі, што Аляксандр лічыцца неапазнаным. Пры тым, што ўжо праз некалькі гадзінаў пасля ягонай смерці МУС і СК распаўсюдзілі інфармацыю пра ягоную судзімасць, а значыць, яго ідэнтыфікавалі.

Акцыя салідарнасці на станцыі метро Пушкінская, дзе загінуў удзельнік пратэстаў. У ёй прынялі ўдзел паслы краін ЕС. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Света Фар / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Аляксандр быў асуджаны на 7 гадоў за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі за сабой смерць. Жанчына кажа, што адседзеў увесь тэрмін і неўзабаве судзімасць мусілі з яго зняць.

«Ён заступіўся за маці. Яе збіў сужыцель, а ён заступіўся, і вось так. Мы асабліва не гаварылі ніколі пра гэта», – кажа жанчына.

Аляксандр рабіў аўтамабільныя фіранкі. Быў упарты, але жыццярадасны чалавек. Рэальна стараўся жыць, спрабуючы забыць сваё мінулае. Зрабіў рамонт у кватэры. Выплаціў бацькавы пазыкі за кватэру.

«Вы раскажыце пра яго. Ён мусіў жыць. Ён мусіў падняць маленькую дачку», – кажа жонка Аляксандра.

Акцыя салідарнасці на станцыі метро Пушкінская, дзе загінуў удзельнік пратэстаў. У ёй прынялі ўдзел паслы краін ЕС. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Света Фар / Belsat.eu / Vot-tak.tv

Сябар загінулага таксама не верыць у тое, што ў Аляксандра была нейкая выбухоўка з сабой.

«Што за трызненьне?! Ён працуе ў тым раёне. У яго бацька за 150 мэтраў адтуль жыве», – кажа сябар.

Жонцы хтосьці даслаў відэа з сацсетак, дзе відаць момант гібелі Аляксандра. Яна паглядзела яго яшчэ да апазнання цела, якое адбылося пасля 16 гадзін 13 жніўня.

«Я паглядзела відэа яшчэ да апазнання, быў спадзеў, што гэта ня ён. Я ня ведаю, чаму ён выйшаў наперад, адзін. Напэўна, ня думаў, што будуць страляць. Факт, што яго забілі, хто будзе пакараны? Цяпер будуць казаць, што ён сам вінаваты? Ён выйшаў без зброі, чаму вы не стралялі па нагах, па руках?!» – кажа жонка.- У мяне пытанне, ці будзе заведзеная крымінальная справа ці хтосьці будзе за гэта пакараны?»

Стужка навінаў