Стала вядома, якое пакаранне для фігурантаў справы Коржыча запатрабаваў пракурор 


Аляксандр Коржыч

Дзяржаўны абвінаваўца Юры Шарснёў па справе Коржыча просіць суд пакараць абвінавачаных сяржантаў пазбаўленнем волі: Яўгена Бараноўскага тэрмінам на 9 гадоў, Ягора Скуратовіча – 6 гадоў, Антона Вяжэвіча – 7 гадоў. Менавіта на іх ускладаюць адказнасць за трагічную гібель Аляксандра Коржыча ў Печах.

Шарснёў заявіў, што віна падсудных цалкам даказаная. Паводле дзяржаўнага абвінаваўца, сяржанты сістэматычна вымагалі грошы і атрымлівалі хабары ад жаўнераў (не толькі Коржыча), у тым ліку прадуктамі харчавання. Сяржанты рэгулярна білі жаўнераў і здзекваліся з іх, каб «задаволіць свае нізінныя схільнасці». Паводле пракурора, дзеянні Бараноўскага, Скуратовіча і Вяжэвіча пераканалі Коржыча «ва ўседазволенасці і карумпаванасці сяржанцкага складу, іх беспакаранасці», што і падштурхнула жаўнера здзейсніць акт суіцыду.

Асноўную адказнасць за гібель Коржыча пракурор ускладае на сяржанта Бараноўскага. Дзяржаўны абвінаваўца пры гэтым падкрэсліў, што няма ніякіх доказаў таго, што смерць Коржыча была гвалтоўнай, хаця сваякі загінулага жаўнера не вераць у самазабойства.

  • 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка 2017 года знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі толькі на 7-ы дзень пасля смерці – са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, з яго здзекаваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.
  • Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных справаў у дачыненні вайскоўцаў за дзедаўшчыну і бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы.
  • Нарэшце, 19 красавіка Следчы камітэт абвесціў, што следства па справе завершана і версія забойства не пацвердзілася. Паводле СК, Коржыча не забілі, але давялі да самазабойства, і вінаватыя ў гэтым тры сяржанты з трэцяй вучэбнай танкавай роты 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Сваякі жаўнера з высновамі следства не згодныя.
  • Суд па справе распачаўся 8 жніўня. Сяржантаў Яўгена Бараноўскага, Ягора Скуратовіча і Антона Вяжэвіча абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 430 («атрыманне хабару»), а таксама паводле ч. 3 арт. 455 (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады або бяздзеянне ўлады) Крымінальнага кодэксу Беларусі. На думку следства, менавіта іхныя дзеянні падштурхнулі Коржыча да самагубства. Сваю віну сяржанты прызнаюць часткова. Паводле іх, злоўжыванне ўладай і атрыманне хабараў сапраўды адбываліся, аднак датычнасць да смерці Коржыча падсудныя зняпраўджваюць.
  • Паралельна Менскі абласны суд разглядаў справу прапаршчыка Артура Вірбала і лейтэнанта Паўла Сукавенкі з роты, дзе загінуў Аляксандр Коржыч. Іх вінавацяць ва «злоўжыванні ўладаю» (ч.1 і 2 арт. 455 КК), аднак следства не лічыць, што яны датычныя да смерці Коржыча. Пацярпелымі ў справе праходзяць 6 сяржантаў, сярод іх – Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч. Вырак па гэтай справе будзе агучаны 19 кастрычніка.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары