Стала вядома, якое пакаранне для блогера Сяргея Пятрухіна запатрабаваў пракурор


Пракурор просіць суд прызнаць берасцейскага блогера Сяргея Пятрухіна вінаватым у «паклёпе» і «абразе», і пакараць яго 2 гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпа (так званая «хімія»).

Таксама дзяржаўны абвінаваўца просіць аштрафаваць блогера на 100 базавых велічыняў (2550 рублёў).

Адвакат Пятрухіна падчас судовых спрэчак прасіў суд апраўдаць блогера, бо ў ягоных дзеяннях адсутнічае склад злачынства.

Справу Сяргея Пятрухіна разглядае суд Ленінскага раёну Берасця. Блогера вінавацяць паводле ч. 2 арт. 188 («Паклёп») і ч. 2 арт. 189 («Абраза») Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Справу разглядае суддзя Аляксандр Семянчук. У якасці пацярпелых выступаюць міліцыянты Ленінскага РАУС Сяргей Ігнацюк, Дзмітрый Якушэвіч, Ігар Галянціч і Сяргей Такун. Падставай для распачынання справы сталі відэаролікі Пятрухіна, у якіх ён заявіў пра дачыненне шэрагу берасцейскіх міліцыянтаў да збіцця ў 2016 годзе грамадзяніна Паўла Камінскага.

Блогер Cяргей Пятрухін вядомыя дзякуючы шматлікім відэаролікам, у якіх ён крытыкуе дзейнасць прадстаўнікоў мясцовай улады, у тым ліку і сілавікоў. Акрамя таго Пятрухін з’яўляецца нязменным удзельнікам акцыяў пратэсту супраць будаўніцтва экалагічна шкоднага акумулятарнага заводу ў Берасці.

Абноўлена
У Берасці судзяць блогера Сяргея Пятрухіна. Актывістаў і праваабаронцаў з залы суда вывеў АМАП
2019.04.09 12:06

ІІ belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў