Стала вядома, якія сцягі можна будзе прынесці на свята БНР


12 сакавіка арганізатары святкавання 100-годдзя БНР сустрэліся з уладамі Менску і атрымалі адказы на пытанні аб сімволіцы і бяспецы.

Падчас сустрэчы былі ўзнятыя некалькі тэмаў, арганізатараў цікавілі перадусім пытанні бяспекі: узаемадзеянне з міліцыяй, прапускныя магчымасці агароджы і дагляд.

«Мы зоймемся стварэннем дружыннікаў, а ўлады абяцалі зрабіць звычайны для падобнага тыпу агульнагарадскіх мерапрыемстваў дагляд», – заявіў «Белсату» Юрый Губарэвіч, лідар руху «За свабоду».

Арганізатары яшчэ раз атрымалі пацверджанне аб дазволе выкарыстання бел-чырвона-белых сцягоў.

«Я адмыслова запытаўся пра гэта яшчэ раз – адказ быў станоўчы, пры гэтым прысутнічаў старшыня аддзелу ідэалогіі Менгарвыканкаму, – кажа Юрый Губарэвіч. – Забаронена прыносіць транспаранты і расцяжкі, не звязаныя з тэматыкай мерапрыемства».

Сёння Мікола Статкевіч заявіў, што марш 25 сакавіка павінен праходзіць у тым ліку пад слоганам вызвалення Святаслава Барановіча, які абараняючы анархістаў, выпадкова ўдарыў міліцыянта, і атрымаў тры гады калоніі. Губарэвіч лічыць прысуд Барановічу несправядлівым, але кажа, што не трэба змешваць ягоную справу са святкаваннем 100-годдзя БНР.

«У Беларусі з’явіўся чарговы палітвязень. Калі Мікола Статкевіч хоча выйсці з лозунгам, які асуджае гэты прысуд, ён мае магчымасць зрабіць гэта сёння, заўтра або паслязаўтра – наперадзе ёсць шмат дзён, каб паінфармаваць менчукоў пра несправядлівы прысуд. Неабавязкова прыносіць гэтыя слоганы на пляцоўку, дзе будзе святочны канцэрт».

Бел-чырвона-белы сцяг – афіцыйны сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёння знаходзіцца фактычна пад забаронай: супрацоўнікі міліцыі адбіраюць яго, за ягонае ўжыванне суды караюць штрафам. Футбольны заўзятар Аляксандр Венгерскі, які выбег на поле з бел-чырвона-белым сцягам, распавядаў, што амапаўцы паставілі яго на калені і білі па нырках.

ДД

Стужка навінаў