Стала вядома, якія краіны могуць першымі атрымаць вакцыну ад COVID-19


ЗША, Вялікая Брытанія, Японія і краіны ЕЗ дамовіліся аб пастаўках больш за 1,3 млрд доз патэнцыйных вакцын ад каронавіруса, паведамляе Bloomberg са спасылкай на дадзеныя лонданскай аналітычнай кампаніі Airfinity.

У ЗША і Вялікую Брытанію вакцыну паставяць кампаніі Sanofi і GlaxoSmithKline Plc, Японія заключыла дамову з Pfizer. Як адзначае Bloomberg, краіны ЕЗ таксама «праяўляюць агрэсію» пры закупках, хаця яшчэ не даказана, што вакцына будзе эфектыўнай.

Аналітыкі прагназуюць, што з улікам магчымасці павелічэння паставак і яшчэ не закрытых здзелак, лік доз для гэтых краін можа вырасці на 1,5 млрд. У сувязі з гэтым яны асцерагаюцца, што астатнія дзяржавы застануцца «апошнімі ў чарзе» за вакцынамі.

Міжнародныя арганізацыі і шэраг краін абяцаюць, што вакцыны будуць даступныя для ўсіх, але наўрад ці іх хопіць на ўсё насельніцтва свету, тым больш часам можа спатрэбіцца дзве дозы на чалавека. Менш забяспечаныя дзяржавы асцерагаюцца паўтарэння сітуацыі, якая адбылася ў 2009 годзе падчас пандэміі свінога грыпу, калі багатыя краіны манапалізавалі пастаўкі.

Оксфардскі універсітэт, брытанска-шведская AstraZeneca, а таксама Pfizer і BioNTech, якія разам распрацоўваюць вакцыну, знаходзяцца на заключным этапе даследаванняў. Аднак распрацоўнікам яшчэ трэба даказаць эфектыўнасць прэпарата і атрымаць дазвол на вытворчасць. Паводле прагнозаў Airfinity, сусветныя пастаўкі вакцыны складуць 1 млрд доз толькі да першага кварталу 2022 году. Тым часам СААЗ адзначае, што вакцынацыі не варта чакаць раней за першую палову 2021 году.

КА belsat.eu

Стужка навінаў