Стала вядома пра прычыны выбуху на «Магілёўдрэве» пазалетась


Месца выбуху на прадпрыемстве «Магілёўдрэў». Фота – CК РБ

Следчыя аднавілі карціну падзеяў, якія папярэднічалі выбуху, падае прэсавая служба СК.

На падставе аналізу сабраных доказаў следчыя ўсталявалі, што выбух на прадпрыемстве «Магілёўдрэў» адбыўся праз неэфектыўную працу вентыляцыйнай сістэмы.

У выніку назапашвання ў ёй небяспечнай парапаветранай сумесі адбылося хімічнае самазагаранне фарбы ў фарбавальных кабінах. Гэта прывяло да пажару, а пазней да выбуху.

Адказнасць за гэта СК ускладае на галоўнага інжынера, які выконваў тады абавязкі генеральнага дырэктара. Пасля 2017-га году ён дазволіў выкарыстоўваць на прадпрыемстве пажаранебяспечны нітралак

Таксама следчыя ўскладаюць адказнасць на начальніка мэблевага цэха прадпрыемства, адказнага за выкананне правілаў пажарнай бяспекі і тэхнічны стан вентыляцыі.

Адзін з былых працаўнікоў прадпрыемства распавядаў «Белсату», што адною з прычынаў выбуху магло быць парушэнне вытворчага працэсу, калі абсталяванне выкарыстоўвалі не паводле прызначэння.

«У старым цэху лакафарбавыя камеры абмываліся вадой, каб выдаліць пары лаку, і не было пажаранебяспечнай сітуацыі. У новых камерах ніякага абмывання вадой на той момант, калі я сыходзіў, не было і не магло быць, бо канструктыўна гэтыя камеры такой магчымасці не даюць», – сказаў былы працаўнік заводу.

СК перадаў крымінальную справу пракурору для скіравання ў суд.

У выніку выбуху 25 верасня 2018 года на ўчастку абробкі мэблевага цэху «Магілёўдрэва» пацярпела сем асобаў. Адна з іх пазней памерла ў шпіталі, а ў дваіх лекары зафіксавалі цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Шкоду абсталявання цэха ацанілі ў Br 23 000.

Аб’ектыў
«Магілёўдрэў» супраць ІКЕА. Чаму не працуе мадэрнізацыя беларускіх прадпрыемстваў?
2018.12.11 21:38

Следства праходзіла пад асабістым кантролем старшыні Следчага камітэту Івана Наскевіча.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў