Стала вядома пра дату, калі могуць пачаць апісваць маёмасць у «дармаедаў»


Начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Валянцін Макарэвіч на сустрэчы ў Гомельскім аблвыканкаме распавёў, што працэдура вопісу маёмасці тых, хто не сплаціў падатак на дармаедства пачнецца не раней за 1 ліпеня. Таксама ён падкрэсліў, што выпадкаў вопісу маёмасці пакуль не назіралася.

Да гэтага часу падатковыя інспекцыі абавязаныя падрыхтаваць матэрыялы для прымусовага выканання рашэнняў. Паводле Макарэвіча, пасля таго як падатковы орган зразумее, што грамадзянін злосна ўхіляецца, не жадае аплачваць, ён падае неабходны пакет дакументаў натарыусу, які здзяйсняе выканаўчы надпіс, і гэты дакумент накіроўваецца ў аддзел прымусовага выканання.

Тэарэтычна працэдура можа прайсці і праз суд. У тым выпадку, калі падатковая складзе адміністрацыйны пратакол.

«Але ў суд справа можа быць накіравана толькі ў тым выпадку, калі грамадзянін не заплаціў ні капейкі. А калі хаця б мінімальная сума выплачаная, суд не можа разглядаць такія справы», – адзначыў юрыст.

Пасля завядзення працэсу прымусовага выканання «дармаедам» даюць тэрмін для добраахвотнай выплаты падатку. Калі ён не заплаціць – будзе апісана маёмасць. Пасля апісання ўлады даюць але і пасля гэтага даецца дадатковы час для добраахвотнай выплаты.

Раней belsat.eu стала вядома пра тое, што падаткавікі Мазыру ходзяць па дамах і кватэрах «дармаедаў», што не заплацілі падатак на сацыяльнае ўтрыманства. Чыноўнікі таксама прымушаюць хадзіць па хатах мясцовых настаўнікаў.

З дзяржавай разлічылася 51 600 беларусаў з 470 000, якім даслалі «лісты шчасця», паведамляе belta.by, спасылаючыся на звесткі Міністэрства па падатках і зборах.

За нясвоечасовую аплату збору «на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў» або гэтак званага падатку за «дармаедства» дзяржава будзе налічваць па 16 капеек пені ў дзень (каля Br 58 за год). Тым, хто не заплаціў збор, можа пагражаць адміністрацыйная адказнасць.

Агульнанацыянальны дзень дапамогі гэтак званым «дармаедам» прайшоў учора па ўсёй Беларусі



Маршы абураных беларусаў распачаліся шэсцем у Менску 17 лютага. Больш за дзесяць акцыяў пратэсту супраць неканстытуцыйнага дэкрэту пройдзе ў сакавіку ў Беларусі.

ВД, паводле kp.by

Стужка навінаў