Стала вядома, колькі замежнікаў скарысталіся бязвізам у Беларусь


Намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партны заявіў, што бязвізавым рэжымам для ўезду ў Беларусь скарысталіся 52 тыс. турыстаў. 

«52 тыс. турыстаў прыехалі ў Беларусь па бязвізавым рэжыме з моманту яго ўвядзення», – адзначыў сёння Міхаіл Партны.

Папярэдняя лічба, якую агучвалі ў міністэрстве – каля 30 тыс. турыстаў у межах бязвізу напрыканцы чэрвеня.

Партны паведаміў, што цяпер разглядаецца пытанне аб павелічэнні тэрміну бязвізавага знаходжання ў Беларусі – пакуль ідзе гаворка пра 10 содняў і гэтае рашэнне на 90% ужо прапрацаванае.

«Па бязвізу мы рухаемся наперад паспяхова, але асцярожна», – падсумаваў намеснік міністра.

Таксама, паводле слоў чыноўніка, прапрацоўваюцца магчымасці распаўсюдзіць бязвіз на ўезд не толькі праз Нацыянальны аэрапорт Менск, паведамляе БелТА.

12 лютага ў Беларусі запрацаваў бязвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў. Згодна з ім, тым, хто прылятае ў аэрапорт Менск, непатрэбная віза для візітаў у Беларусь, не даўжэйшых за пяць дзён. Бязвізавы рэжым распаўсюджваецца на 39 краінаў Еўропы, а таксама ЗША, Канаду, Інданезію, Японію, Індыю ды іншыя дзяржавы.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў