Стала вядома, колькі асобаў затрымалі падчас Дня Волі-2018


Паводле звестак праваабаронцаў, 25 сакавіка праваахоўнікі затрымалі мінімум 110 чалавек. Дакладна вядома, што ў дачыненні да 12 чалавек у Менску былі складзены пратаколы па арт. 23.34 КоАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Ім пагражае арышт.

«Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяў, рашуча пратэстуем супраць прэвентыўных затрыманняў актывістаў па ўсёй краіне напярэдадні масавых мерапрыемстваў у гонар стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама падчас і пасля правядзення мірных сходаў», – адзначаецца ў сумеснай заяве беларускіх праваабаронцаў.

Асабліва праваабаронцы занепакоены пераследам журналістаў – усяго 25 сакавіка затрымалі 7 журналістаў, з якіх пяцёра на плошчы Якуба Коласа (усе яны журналісты «Белсату»). Таксама былі затрыманыя 8 назіральнікаў Беларускага Хельсінкскага камітэту і Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Аўтары заявы патрабуюць ад уладаў забеспячэння журналістам і праваабаронцам магчымасцяў бесперашкодна ажыццяўляць прафесійную дзейнасць, а таксама спынення практыкі ціску і затрыманняў ўдзельнікаў мірных сходаў.

ІІ, belsat.eu, паводле spring96.org

Стужка навінаў