Стала вядома, колькі ложкаў выдзелена ў Беларусі пад хворых на пнеўманію

6-я гарадская клінічная больніца. Фота «Белсат»

На гэты момант у шпіталях краіны занятыя каля 12,8 тысяч бальнічных ложкаў, зарэзерваваных пад хворых на COVID-19 і пнеўманію. Такую лічбу назвалі ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» у суботу.

На дзяржаўным тэлеканале заявілі, што агулам пад хворых з такімі дыягназамі выдзелена 18,6 тысяч бальнічных ложкаў. На дадзены момант свабоднымі застаюцца каля 6 тысяч месцаў.

Апошнія некалькі тыдняў людзей з лёгкімі формамі COVID-19 і пнеўманіямі, якія працякаюць адносна лёгка, не шпіталізуюць, а пакідаюць лячыцца ў хатняй самаізаляцыі.

Колькасць пацыентаў па краіне, падключаных цяпер да апаратаў ШВЛ не называлі, аднак паведамілі, што ўсяго ў шпіталях краіны маецца 2 257 такіх апаратаў. Вядома, што ў адным Віцебску да іх падключаны 25 чалавек.

Агулам па стане на 2 траўня ў Беларусі было зафіксавана 15 828 выпадкаў каронавірусу. З інфармацыі «БТ» вынікае, што ў шпіталях ляжаць каля 13 тысяч хворых на пнеўманіі, астатнія знаходзяцца дома.

https://belsat.eu/news/u-belarusi-pamerli-ad-karonavirusa-97-chalavek-zarazilisya-15-828/

KA belsat.eu

Hавiны