Стала вядома, колькі беларускіх лекараў працуе ў Польшчы


Хірургі выконваюць аперацыю ў адным са шпіталяў Беластоку. Фота – Anatol Chomicz / Forum

Беларусы займаюць другое месца сярод урачоў-замежнікаў у гэтай краіне. Намесніца міністра здароўя Польшчы паведаміла, з якіх краінаў лекары прыязджаюць працаваць у Польшчу найчасцей.

У афіцыйным звароце да маршалка Сейму віцэ-міністарка аховы здароўя Юзэфа Шчурэк-Жэлязка падае, што найбольш замежных лекараў (у тым ліку стаматолагаў), якія атрымалі права працаваць на тэрыторыі Польшчы, паходзіць з Украіны (470 чалавек), Беларусі (231), Нямеччыны (137), Расеі (62), Літвы (57), Сірыі (47), ЗША (43), Швецыі (42) і Чэхіі (39).

Паводле чыноўніцы, высокі ўзровень працы лекараў, якія атрымалі свае дыпломы па-за Еўразвязам, гарантаваны праверкай іхных ведаў і ўмення акруговымі медычнымі радамі, а таксама лекарамі-наглядчыкамі, якія кантралююць працу замежных спецыялістаў.

Польшча чакае беларускіх лекараў? Праўда і міфы

Зварот намесніцы міністра паўстаў у адказ на запыт дэпутата Сейму Паўла Пудлоўскага, які засумняваўся ў папраўках да Закону аб лекарах і лекарах-стаматолагах. Яны тычацца прыёму на працу лекараў, якія атрымалі адукацыю па-за Еўразвязам.

Згодна з прапанаванымі зменамі, такім лекарам не трэба будзе пацвярджаць дыплом, а дазвол на працу будуць выдаваць шпіталі пасля адмысловага іспыту.

Каб падрыхтавацца да працы ў польскай сістэме аховы здароўя, замежнікі не больш за год будуць праходзіць практычнае навучанне, праграму якога будуць вызначаць Акруговыя медычныя рады.

Праект зменаў ужо паступіў у Сейм. Калі парламент яго разгледзіць – невядома.

Лекары ў Польшчы зарабляюць ад $1250 да 1820.

Хірург Зміцер Кароль: Студэнты-медыкі з першага курсу вучаць мовы, каб з’ехаць за мяжу

Польская журналістка, якая займаецца тэматыкай аховы здароўя, распавяла «Белсату», што заробкі ў 3000–4000 еўраў, пра якія пішуць некаторыя беларускія медыі, могуць зарабіць толькі аўтарытэтныя і дасведчаныя нейрахірургі, якія працуюць адначасова ў шпіталі і ў паліклініцы з дзяжурствам у выходныя дні.

«Гэта называецца самабойчая праца», – дадала нашая крыніца.

Паводле Галоўнай медычнай палаты Польшчы, краіне не хапае 68 тысячаў лекараў, у першую чаргу – дзіцячых анколагаў, хірургаў-анколагаў, псіхіятраў, спецыялістаў па дзіцячых хваробах лёгкіх і анестэзіёлагаў.

Сярэдні ўзрост медыкаў некаторых спецыяльнасцяў складае 60 гадоў, падае «TVN 24».

На 10 000 жыхароў у Польшчы – 24 лекары. У Беларусі, паводле стану на 2018-ы год, – 134.

Згодна з базай Дзяржаўнай службы занятасці, у Беларусі на сёння не хапае 3077 лекараў.

Аляксандр Лукашэнка 30 кастрычніка прызнаўся, што не заклапочаны міграцыяй беларускіх лекараў у іншыя краіны.

«Нас гэта хвалюе, але не напружвае. Міністр кажа, што цягам двух гадоў наагул гэтую праблему [недахопу ўрачоў у медычных установах] здымем. Таму, можа, і нічога страшнага, што чалавек паехаў, дзесьці чамусьці падвучыўся. Галоўнае, каб ён не забываў пра краіну, вяртаўся назад і дапамагаў ёй », – сказаў Лукашэнка.

Паводле кіраўніка Беларусі, дзяржава, аднак, створыць неабходныя ўмовы для жыцця і працы і падвысіць заробкі лекарам, каб утрымаць іх удома.

«Сілай утрымліваць ані лекараў, ані настаўнікаў, ані інжынераў ніхто не будзе. Усё роўна сілай чалавека не ўтрымаеш. Свет глабалізуецца, міграцыя вялізная. Трэба цывілізавана працаваць з людзьмі», – дадаў ён.

Паводле Белстату, сярэдні заробак працаўнікоў аховы здароўя ў трэцім квартале 2019 года склаў Br 891.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары