Стала вядома, колькі асуджаных чакае смяротнага пакарання


Стала вядома пра прысуд, які Віцебскі абласны суд вынес летась.

Праваабаронцам стала вядома, што ў Следчым ізалятары №1 Менску знаходзіцца не шэсць, а сем асобаў, асуджаных да смяротнага пакарання.

Каб спраўдзіць або зняпраўдзіць гэтую інфармацыю, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда патэлефанаваў прэс-сакратару Вярхоўнага суда Беларусі Юлі Лясковай. Яна са спасылкай на нявызначаны законам статус праваабаронцаў у Беларусі адмовілася каментаваць інфармацыю, хаця і не зняпраўдзіла яе.

Віцебскі праваабаронца Павел Левінаў даведаўся, што, сапраўды, Віцебскі абласны суд 22 верасня 2017 года быў вынесены смяротны прысуд. Ён уступіў у законную сілу 6 кастрычніка 2017 года. Гэты прысуд не абскарджваўся і не апратэстоўваўся.

Дагэтуль праваабаронцам было вядома пра шэсць грамадзянаў, асуджаных да смяротнага пакарання, некаторыя з якіх беспаспяхова абскардзілі прысуды ў Вярхоўным судзе. Гэта жыхар Мазыра Кірыл Казачок, які зімой 2016 года забіў дваіх уласных дзяцей, раней неаднойчы судзімы жыхар Нароўлі Алесь Міхаленя, які ў сакавіку 2016 года забіў суседзяў-пенсіянераў. Яшчэ двое – Ігар Гершанкоў і Сямён Беражны – фігуранты гучнай справы «чорных рыэлтараў».

А сёлета Менскі гарадскі суд вынес два смяротныя прысуды менчукам Аляксандру Жыльнікаву і Вячаславу Сухарка за забойства маладой пары ў Менску і мужчыны ў Калодзішчах. Увесну іх прысудзілі да пажыццёвага зняволення, але Вярхоўны суд вярнуў справу на перагляд. Зараз у іх засталося права падаць скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі.

ДД

Стужка навінаў