Падпісаны кантракт на 170 тысяч вакцынаў «Спутнік V».
Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч распавёў пра вакцынацыю супраць каронавіруса ў Беларусі: падпісаны кантракт на 170 тысяч вакцын «Спутнік V», паведамляе СТВ.
– Гэта першая партыя вакцын, якая да нас паступіла. Яна адпаведным чынам разбіта на некалькі дробных партый. Да Новага года паступіла 20 тысяч вакцын, была пройдзеная праверка якасці іх бяспекі, – сказаў Піневіч.
Зараз працягваецца вакцынацыя медычных супрацоўнікаў. Міністэрства аховы здароўя чакае наступнай партыі прэпарату найбліжэйшым часам, тады пачнуць прывіваць педагогаў.
– У першым квартале гэтага года мы павінны выпусціць ужо пад беларускім брэндам вакцыну «Спутнік V» супольна з нашымі расейскімі калегамі на магутнасцях айчыннага фармпрадпрыемства «Белмедпрэпараты», – растлумачыў міністр.
Са словаў Піневіча, гэта будзе магчыма прыкладна з красавіка, калі завершыцца вакцынацыя ўразлівых і кантраляваных групаў насельніцтва. Гаворка ідзе пра медработнікаў, педагогаў, працаўнікоў транспарту, гандлю, работнікаў СМІ.
– Тады пачнём працаваць і з іншымі групамі, – дадаў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.
ІК, belsat.eu