Стала вядома, калі пройдзе развітанне з Захарам Кудзіным


Развітанне з мастаком Захарам Кудзіным пройдзе ў аўторак на тэрыторыі менскага пахавальнага прыдпрыемства на Альшэўскага, 10.

Жалобная цырымонія пройдзе 31 снежня а 13:00 у рытуальнай зале № 2. Пасля гэтага цела перавязуць у крэматорый на Паўночных могілках, паведаміў «Белсату» рэжысёр Максім Швед.

Мастака не стала 29 снежня.

Захар Кудзін разам з жонкай Таццянай у сваёй менскай майстэрні. Фота – kalektar.org

Захар Кудзін нарадзіўся ў 1986 годзе. У 2007 годзе скончыў каледж мастацтваў імя Глебава. Жыў і працаваў у Менску.

Уплыў на яго аказаў сучасны амерыканскі жывапіс, асабліва творчасць амерыканскага мастака галандскага паходжання Вілема дэ Коўнінга (Willem de Kooning).

У 2011–2013 гадах Кудзін нелегальна жыў у Штатах, вандраваў па іх аўтаспынам і наведваў мастацкія галерэі.

Адна з працаў Захар Кудзіна на ягонай выставе. Фота – kalektar.org

Шэсць гадоў таму праз глаўкому Кудзін пачаў бачыць навакольны свет скажона: аб’екты і людзі знікалі, трансфармаваліся, мігцелі, змяняючы колер. Гэткае ўспрыманне рэчаіснасці ён прадставіў у сваёй серыі «Жывапіс левым вокам».

Захар Кудзін правёў сем персанальных і ўзяў удзел у 17 калектыўных выставах.

Пазалетась Кудзін звяртаўся да менскіх уладаў з прапановаю ўсталяваць на вуліцах ягоныя абстракцыйныя скульптурныя кампазіцыі (напрыклад, у выглядзе гіганцкага каляровага воблака) як альтэрнатыву традыцыйным помнікам.

Натхняўся каляровымі квадратамі і прастакутнікамі на менскіх будынках, якія паўставалі падчас замалёўвання ЖЭСамі графіці ды надпісаў на дамах, і пераносіў іх на палатно.

Творчы дыялог мастака з камунальнікамі стаў сюжэтам фільму «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа, які выйшаў у пракат у лістападзе.

Энцыклапедыя беларускага сучаснага мастацтва называе 2019-ы год перыядам узлёту кар’еры мастака: сёлета Кудзін перадаў працу ў калекцыю Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, прадставіў нашую краіну на міжнародным біенале ў Пекіне, удзельнічаў у менскім фестывалі «Vulica Brasil» і арт-кірмашы «Art Vilnus».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў