Стала вядома, хто прыедзе ў Менск замест Бабіча. Ён хацеў стаць прэзідэнтам Расеі і падобны на Лукашэнку


Новым амбасадарам Расеі ў Беларусі афіцыйна прызначаны Дзмітрый Мезенцаў. Уладзімір Пуцін падаісаў адпаведны ўказ. Пра гэта паведамляе сайт прэзідэнта Расеі.

Раней расейскае выданне РБК паведаміла, што галоўным прэтэндэнтам на пасаду амбасадара Расеі ў Беларусі з’яўляецца чалец Савета Федэрацыі РФ Дзмітрый Мезенцаў.

Гэтую інфармацыю выданню пацвердзілі адразу дзве крыніцы: блізкая да адміністрацыі прэзідэнта Расеі і крыніца ў Дзярждуме РФ.

«Бабіч дамогся статусу спецпрадстаўніка прэзідэнта, што давала яму прамы выхад на прэзідэнта і яго адміністрацыю. Нярэдка ён вырашаў задачы ў абыход МЗС, не ўзгадняючы з ім свае дзеянні, што не магло не раздражняць МЗС», — распавяла РБК інфармаваная крыніца.

Hавiны
Спецпрадстаўнік Пуціна Міхаіл Бабіч вяртаецца з Менску ў Расею
2019.04.30 17:16

Амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча адклікаюць з пасады амбасадара РФ у Менску, паведаміў 30 красавіка «Коммерсант».

Раней беларускі МЗС абвінаваціў Бабіча ў тым, што ён разбурае стасункі Беларусі і Расеі.

Хто такі Мезенцаў?

Мезенцаў уваходзіць у склад Савета Федэрацыі з 2015 года. У 2011 годзе ён заявіў пра жаданне стаць прэзідэнтам Расеі. Тады ЦВК РФ забракавала большасць подпісаў за ягоную кандыдатуру.

Амаль тры гады Мезенцаў быў губернатарам Іркуцкай вобласці. А з 2013 да 2015 года займаў пасаду генеральнага сакратара Шанхайскай арганізацыі супрацы.

У 2015 годзе Мезенцаў узначальваў місію назіральнікаў Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС) на выбарах прэзідэнта Беларусі. На прэс-канферэнцыі ў 2015 годзе Мезенцаў заявіў, што ў Беларусі ёсць «план» сваёй будучыні.

«Мы выязджаем з Беларусі з адчуваннем, што ў краіны ёсць дакладны план сваёй будучыні. Беларусь робіць ўражанне працаўніцы, якая цяжкай працай дасягае новых вынікаў», – цытуе Дзмітрыя Мезенцава belta.by.

Інтэрнэт-карыстальнікі звяртаюць увагу на падабенства магчымага будучага амбасадара Расеі ў Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў