«Спыніць непрымальную хвалю рэпрэсіяў». Еўрапарламент пагражае санкцыямі праз арышты актывістаў


У Еўрапейскім парламенце «глыбока занепакоеныя нежаданнем беларускіх уладаў палепшыць выбарчую сераду, якое захоўваецца, і відавочнай адсутнасцю намеру стварыць умовы для сапраўднай роўнасці паміж кандыдатамі» на прэзідэнцкіх выбарах.

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламенту па сувязях з Беларуссю Робэрта Бедроня і дакладчыка ЕП па Беларусі Пятраса Аўштравічуса, перадае БелаПАН.

У заяве яны нагадалі, што тыдзень таму ўжо «асудзілі рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў і актывістаў грамадзянскай супольнасці».

«На жаль, за апошнія дні мы сталі сведкамі істотнага пагаршэння сітуацыі. Мы рашуча выступаем супраць дзеянняў, якія былі зроблены ў гэтыя выходныя і прывялі да затрымання відэаблогера Сяргея Ціханоўскага, апазіцыйнага лідара Мікалая Статкевіча і дзясяткаў іншых людзей, якія прысутнічалі на мірных сходах па зборы подпісаў па ўсёй краіне», – гаворыцца ў заяве.

Hавiны
Еўразвяз патрабуе неадкладна вызваліць Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў
2020.06.02 16:28

Еўрадэпутаты шкадуюць «аб прадпрынятых уладамі правакацыях, бо гэта з’яўляецца яшчэ адным замахам на асноўныя свабоды – права на выказванне меркавання і на мірныя сходы, – а таксама прамым умяшаннем у выбарчы працэс з мэтай перашкодзіць кандыдатам сабраць колькасць подпісаў, неабходную для вылучэння на пасаду прэзідэнта».

«Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх грамадзянаў, якія былі несправядліва арыштаваныя, і спыніць гэтую непрымальную хвалю рэпрэсіяў. У выпадку далейшых адвольных арыштаў і абмежаванняў на свабоднае ажыццяўленне беларускімі грамадзянамі сваіх палітычных правоў мы не бачым іншага шляху, акрамя як дамагацца перагляду палітыкі Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі, у тым ліку новыя санкцыі ў дачыненні да службовых асоб, адказных за рэпрэсіі», – папярэджваюць еўрадэпутаты.

Парламенцкая асамблея АБСЕ заявіла, што затрыманне актывістаў аказвае пужальнае ўздзеянне на грамадства.

«У сувязі з выбарамі, якія пройдуць усяго праз два месяцы, вельмі важна, каб улады ў Беларусі зрабілі ўсё магчымае, каб стварыць паўнавартаснае і адкрытае асяроддзе для правядзення кампаніі. Мы вельмі занепакоеныя тым, што затрыманне вядомых палітычных актывістаў не толькі перашкаджае працы патэнцыйных кампаніяў, але і аказвае пужальнае ўздзеянне на грамадства. Таму мы заклікаем улады праяўляць максімальную стрыманасць напярэдадні важных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і спадзяемся на больш вольную абстаноўку, чым мы раней назіралі», – заявілі ў АБСЕ.

Hавiны
У затрыманых актывістаў прайшлі ператрусы, аднаго перавялі ў СІЗА
2020.06.02 16:49

КА belsat.eu

Стужка навінаў