Спявак Дзмітрый Калдун захварэў на каронавірус


Разам з жонкай раніцаю 7 ліпеня ён быў шпіталізаваны ў менскую 6-ую лякарню, паведамляе WomanHit.ru.

Спявак Дзмітрый Калдун захварэў на каронавірус і зараз знаходзіцца ў менскай 6-ай лякарні. Як паведаміла прэс-служба артыста, напярэдадні ён кепска сябе адчуваў, у яго паднялася тэмпература. Спрабаваў лекавацца хатнімі метадамі, але не дапамагала.

Спявак Дзмітрый Калдун захварэў на каронавірус.
Фота: скрышот з Instagram артыста

«У Менску няма каранціну, таму я мог дзе заўгодна падчапіць гэты вірус. Пры гэтым я намагаюся пазбягаць месцаў з вялікаю колькасцю людзей і прытрымліваюся захадаў бяспекі. Учора адчуў лёгкі кашаль і невялікую тэмпературу, вырашыў, што само пройдзе, выпіў простыя гарачкапаніжальныя і таблеткі ад кашлю. Аднак не дапамагло. Тады я вырашыў зранку паехаць з жонкаю і здаць тэст. І тут у нас абодвух дыягнаставалі COVID-19», – распавёў спявак.

Зараз ён знаходзіцца ў асобнай палаце, дзе ёсць нават тэлевізар і праходзіць неабходныя даследаванні. У ягонай жонкі хвароба праходзіць бессімптомна і яе адправілі дадому.

Дзмітрый Калдун – беларускі спявак, прадстаўнік Беларусі на «Еўрабачанні» у 2006 годзе. Там ён заняў 6-ае месца, што стала лепшым вынікам для Беларусі за ўсю гісторыю ўдзелу ў конкурсе.

Дарэчы, ён выступаў перад Лукашэнкам 3 ліпеня на адкрыцці мультымедыйнага фантану ў парку Янкі Купалы.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў