Спявачка Руся: мая мама – з Азербайджану, але беларуская мова – мая родная


Кожны мянчук прынамсі раз у жыцці чуў ейны голас. Руся – вакалістка папулярнага беларускага гурту «Shuma», які змагаўся за ўдзел у «Еўрабачанні-2018». А па сумяшчальніцтве – «голас» менскага чыгуначнага вакзалу ды мастацкіх фільмаў на тэлеканале «Белсат».

Руся (Марына Шукюрава) нарадзілася на Палессі, але мае не толькі беларускія карані.

«Калі я была дзіцём, у мяне ў сям’і ніхто не гаварыў па-беларуску, – распавядае яна ў роліку, які «Белсат» зняў у межах кампаніі «Беларускамоўны». – Мама мая прыехала з Азербайджану, у яе іранскія карані. Мой бацька – «з мяшаных крывей тутэйшы». І ў нас проста не было традыцыі гаварыць па-беларуску, але »беларускі язык усё ўрэмя быў гдзе-та радам» (смяецца – рэд.). Хаця б у выглядзе трасянкі».

Руся кажа, што яна – білінгва: лёгка пераключаецца з беларускай на расейскую і назад. З дачкою, якую яна нарадзіла сёлета, імкнецца размаўляць па-беларуску. Але прызнаецца, што не робіць гэтага пастаянна.

Затое ў творчасці беларуская мова займае галоўнае месца: «Я бяру бабуліны песні і спяваю іх у эстэтыцы электроннай музыкі: тэхна, deep house. Я раблю гэта, каб людзі майго пакалення і маладзейшыя маглі атрымаць доступ да старажытнай культуры, нашых культурных кодаў, беларускай мовы праз такі від задавальнення, як музыка, наведванне рэйв-вечарынак».

ВІДЭА
Як песні палескіх бабуляў трапляюць у айфоны. Магія Палесся ў новым фільме «Белсату»
2017.06.04 20:00

 

Руся лічыць, што беларуская мова робіць нас унікальнымі, «бо мы – не расейцы». Яна заклікае пазначаць беларускую мову падчас перапісу насельніцтва сваёй роднай, нават калі вы ёй не карыстаецеся штодня: «Гэта для нас вельмі важна. І згадзіцеся, зрабіць гэта – вельмі проста».

Прыхільнікаў беларускай мовы непакоіць, што вынікі гэтага перапісу будуць яшчэ больш сумнымі, чым папярэдняга. Тады, у 2009 годзе, роднай беларускую мову назвалі ўсяго 53,2 % насельніцтва. На 20 % менш, чым падчас перапісу 1999 года.

Hавiны
Перапіс: звярніце ўвагу на пытанне нумар 12
2019.10.09 10:00

«Белсат» выступае за сапраўднае раўнапраўе дзяржаўных моваў. Менавіта таму мы разам з партнёрамі распачалі грамадскую кампанію «Беларускамоўны», у межах якой быў зняты гэты відэаролік.

Падрабязней пра кампанію «Беларускамоўны».

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў