«Спутник V»: прышчэпка каланіяльнай залежнасці?


19 студзеня пачалася вакцынацыя ад COVID-19 у Беларусі. Першымі расейскую вакцыну «Спутник V» прышчэпяць дактарам. Потым дойдзе чарга да педагогаў і ўсіх іншых ахвотных.

У той жа час вядома, што ў Расеі распрацоўваюцца метады прымусу насельніцтва да вакцынацыі, бо далёка не ўсе вераць у эфектыўнасць і бяскрыўднасць расейскай вакцыны.

Давайце разбярэмся, якія пытанні да «Спутник V» ёсць у медыкаў у Расеі і ў свеце.

Неверагодная хуткасць

Вакцына «Спутник V» («Спадарожнік Ві») была распрацаваная расейскім Нацыянальным даследчым цэнтрам эпідэміялогіі і мікрабіялогіі імя М. Ф. Гамалеі (далей НДЦЭіМ) – установай з больш як 100-гадовай гісторыяй і вялікімі заслугамі ў сферы медыцыны.

Ампулы з вакцынай «Спутник V». Фота Мінабароны РФ

Аднак вядома, што расейскія кантрольныя органы рэзка знізілі патрабаванні да новага прадукту – першая і другая фазы даследаванняў вакцыны былі абʼяднаныя, а сам прэпарат быў зарэгістраваны яшчэ да заканчэння 3-й фазы клінічных выпрабаванняў.

Адкрыта паведамлялася і тое, што падчас даклінічных выпрабаванняў у навукова-даследчым інстытуце мікрабіялогіі Міністэрства абароны РФ таксама былі скарочаныя тэрміны ацэнкі бяспекі і эфектыўнасці вакцыны.

Першая і другая фазы клінічных даследаванняў праводзіліся ў суме на 76 добраахвотніках. Паведамляецца, што не было адзначана аніводнага небяспечнага пабочнага эфекту, пры гэтым кожны выпрацаваў высокі ўзровень антыцелаў COVID‑19.

Фактычна 3-я фаза клінічных выпрабаванняў вакцыны не закончаная дагэтуль. Але Расея на ўвесь свет заявіла, што першая стварыла «вакцыну супраць каронавіруса».

Эфектыўнасць?

Груба кажучы, узровень антыцелаў пасля прышчэпкі звычайна вымяраюць у «цітрах». На 42-я содні пасля вакцынацыі ў сываратцы крыві 76 добраахвотнікаў сярэдні цітр антыцелаў супраць каронавіруса складаў 49,2. Гэта ніжэй нават за сярэдні ўзровень антыцелаў.

Вакцынацыя прэпаратам «Спутник V» вайскоўцаў і цывільных спецыялістаў расейскага Паўночнага флоту. Фота Мінабароны РФ

Не дарма ў дакументах НДЦЭіМ пра вакцыну адзначаецца: «Абарончы цітр цяпер невядомы. Працягласць абароны невядомая. Клінічныя даследаванні дзеля вывучэння эпідэміялагічнай эфектыўнасці не праводзіліся».

Мінаховы здароўя РФ заяўляла, што прышчэпка можа дзеяць да 2 гадоў. Аднак навуковых звестак, якія даказваюць гэтыя словы, няма, сказаў доктар медычных навук, прафесар Першага Маскоўскага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту імя І. М. Сечанава Антон Яршоў.

Бяспека?

Пры гэтым прэпарат мае абмежаванні паводле ўзроставага фактару – прышчэпку нельга рабіць асобам да 18 і пасля 60 гадоў. То бок фактычна пенсіянерам і дзецям ён забаронены.

Супрацьпаказаны ён таксама цяжарным і жанчынам, якія кормяць немаўля грудзямі, – проста таму, што ніхто не вывучаў, які эфект вакцына акажа на жанчын і на іхных дзяцей. Тое ж самае датычыць уаемадзеяння вакцыны з іншымі лекамі.

Нельга прышчапляць таксама тых, хто хворы на вострую рэспіраторную інфекцыю ці хварэў ёй за два тыдні да прышчэпкі. Забаронена ўжываць вакцыну і тым, хто рабіў іншыя прышчэпкі цягам папярэдняга месяца. Не рэкамендавана таксама ўжываць алкаголь за 14 дзён да прышчэпкі ды 42 дні пасля яе.

Распрацоўнік вакцыны патрабуе, каб месцы, дзе адбываецца вакцынацыя, мелі сродкі супрацьшокавай тэрапіі, а пасля вакцынацыі пацыенты 30 хвілінаў заставаліся пад наглядам медыкаў.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Прэпарат таксама вельмі адчувальны да ўмоваў захоўвання і ўжывання. Яго трэба захоўваць пры тэмпературы не вышэй за -18 градусаў, перад выкарыстаннем – не больш за 30 хвілінаў трымаць пры пакаёвай тэмпературы. Забаронена рэзка трэсці ампулы. Забаронена паўторна замарожваць прэпарат.

Цяпер «Спутник V», хоць дагэтуль праходзіць выпрабаванні, атрымаў рэгістрацыю ў Расеі, Беларусі, Аргентыне, Сербіі, Балівіі, Алжыры, Палестыне, Венесуэле, Парагваі ды Туркменіі. Пра рэгістрацыю ў Ізраілі, ЗША, Нямеччыне ці іншых высокаразвітых краінах – не чуваць.

Спроба зарэгістраваць расейскую вакцыну ў Бразіліі не ўдалася – дзяржаўны рэгулятар заявіў, што вакцына не адпавядае мінімальным крытэрам паводле праведзеных выпрабаванняў і парадку вытворчасці.

Сусветная арганізацыя здароўя зацвердзіла толькі вакцыну Pfizer/BioNTech.

З іншага боку, эксперт Bloomberg у фармакалагічным сектары Сэм Фазэлі лічыць, што «ёсць прычыны давяраць «Спутник V», але таго ж самага пакуль нельга сказаць пра кітайскую вакцыну CoronaVac». Разам з тым калумніст Bloomberg прызнае, што «Расея не апублікавала звестак 3-й фазы выпрабаванняў, усё, што мы маем, гэта прэс-рэлізы».

Эпідэмічны таталітарызм?

Каля паловы грамадзянаў Расеі сумняваюцца ў расейскай вакцыне, заявіў мэр Масквы Сяргей Сабянін.

Відаць, каб менш сумняваліся, маскоўскія ўлады заблакавалі карты, якія даюць права на бясплатны праезд, пенсіянерам, студэнтам ды інвалідам. Зняць блакаванне абяцаюць толькі ў выпадку прышчэпкі – вядома якой недаправеранай вакцынай.

Губернатар Сахаліну прапанаваў, каб прывітыя людзі мелі адпаведныя бэйджы, якія даюць права не насіць маскі, а таксама існавалі «зялёныя зоны» – установы і прадпрыемствы, дзе 100 % людзей былі прышчэпленыя.

У расейскіх дзяржаўных СМІ таксама ўжо гучаць «крэатыўныя» прапановы экспертаў уключаць пункт пра вакцынацыю ў працоўныя дамовы людзей, якія працуюць у калектывах: «Хто супраць і не хоча працаваць на такіх умовах – няхай ідзе ў дворнікі».

belsat.eu

Стужка навінаў