«Раяць нікому не верыць». Маці салдата 120-ай брыгады, які выпаў з акна, кажа пра дзедаўшчыну


Паводле факту здарэння ў 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады з удзелам вайскоўца Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. Андрэй Макаед, салдат тэрміновай службы, цяпер у рэанімацыі ў выніку падзення з вышыні. Ягоны стан лекары ацэньваюць як крытычны.

СК выказвае версію, што Андрэй Макаед выпаў з акна прыбіральні з чацвертага паверху. Выказваецца меркаванне, што ў памяшканні ён знаходзіўся адзін. Следчыя распачалі крымінальную справу паводле артыкулу давядзенне да самагубства (ч. 1 артыкулу 145 КК).

Hавiны
Ваеннаслужачы тэрміновай службы зваліўся з вышыні і трапіў у шпіталь
2019.04.14 16:12

Працаўнікі СК цяпер вывучаюць маральна-псіхалагічны клімат у калектыве. У выпадку, калі будуць устаноўлены парушэнні, звязаныя з дачыненнямі ў падраздзяленні, то такім дзеянням будзе дадзена адпаведная прававая ацэнка.

У рамках адпрацоўкі версіі, што здарэнне з’яўлялася спробай суіцыду, асаблівая ўвага надаецца магчымым матывам.

Маці салдата Наталля у размове з карэспандэнтам belsat.eu распавяла, што пакуль звестак вельмі мала. Салдат з вайсковай часткі, блізкі сябра Андрэя, які служыць разам з ім, распавёў маці пра некаторыя факты дзедаўшчыны ў брыгадзе.

«Ён мне сказаў: «Наталля, нікому не верце, яны замятаюць сляды». І, маўляў, яны будуць рабіць усё, каб прыкрыць свой азадак. Распавёў таксама пра некаторыя выпадкі дзедаўшчыны, а таксама некаторыя моманты, якія не мог распавесці ў прысутнасці свайго кіраўніцтва», – дадала Наталля.

Маці салдата кажа, што пакуль не жадае каментаваць справу, бо хоча пачуць высновы следства.

«Цяпер я не хачу пра гэта казаць, мяркую, што пазней агучу свае меркаванні. У мяне ёсць некаторыя версіі, але пакуль буду маўчаць», – сказала маці Андрэя.

Андрэй Макаед надалей у шпіталі ў крытычным стане. Наталля кажа, што ўрачы пакуль не даюць аптымістычных ацэнак.

«Ён пад апаратамі. Па сутнасці за яго працуе апарат», – сказала Наталля.

Рэха дзедаўшчыны?

Маці загінулага ў 2017 годзе ў вайсковай частцы ў Печах Аляксандра, Святлана Коржыч, апынулася ў падобнай сітуацыі. Жанчына страціла свайго сына, а выпадак яго смерці выклікаў вялізны грамадскі рэзананс у краіне.

Жанчына пераканана, што інцыдэнты, трагічныя выпадкі ў арміі зʼяўляюцца вынікам дзедаўшчыны. А гэтая зʼява, на яе думку, вынік прымусовых грашовых пабораў у войску. Святлана Коржыч адзначае, што нягледзячы на тое, што маці губляюць сваіх сыноў, часта не ведаюць, што рабіць і да каго звяртацца. А калі размова заходзіць да зваротаў да вышэйшага кіраўніцтва, то яны проста баяцца.

Святлана Коржыч

«Я плаціла неаднаразова і самыя розныя сумы. І не думайце, не толькі я плаціла, усе плоцяць, але ўсе маўчаць. Толькі мой Саша падняўся супраць іх. І гэта страшна, што маўчаць, такі ў нас беларускі народ. Але я хачу жыць у прававой дзяржаве ў цэнтры Еўропы. І хачу, каб ніхто не баяўся за сваіх дзяцей», – распавяла «Белсату» Святлана Коржыч.

Святлана Мікалаеўна нагадала, што 15 красавіка ў Аляксандра дзень народзінаў, Сашы Коржычу сёння споўнілася б 23 гады.

СК belsat.eu

Стужка навінаў