Спроба кантрабанды і захоўванне. Чудзянцова вінавацяць паводле артыкулу 328


Уладзіміру Чудзянцову прад’явілі абвінавачванне па захоўванні, перамяшчэнні і спробе кантрабанды наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў, паведаміў «Белсату» адвакат журналіста Аляксандар Галіеў.

«Яму прад’явілі абвінавачанні па дзвюх кваліфікацыях – захоўванні і перавозцы (ч. 1 арт. 328), а таксама спробе кантрабанды (ч. 1 арт. 328-1). Гэта два розныя артыкулы», – удакладніў Галіеў.

Санкцыя ч. 1 арт. 328 прадугледжвае абмежаванне або пазбаўленне волі да пяці гадоў. Санкцыя ч. 1 арт. 328-1 прадугледжвае ад трох да сямі гадоў са штрафам або без.

Чудзянцоў знаходзіцца пад вартай у берасцейскім СІЗА ўжо больш за тыдзень. Аляксандр Галіеў распавёў, што бачыўся з арыштаваным журналістам у суботу каля 16:30.

«Віну ён не прызнаў, ад паказанняў адмовіўся», – дадаў Галіеў.

Пра затрыманне Ўладзімера Чудзянцова журналіст Раман Пратасевіч паведаміў раніцай 22 лістапада. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Чудзянцова затрымалі 21 лістапада ў цягніку «Берасце-Варшава».

Чудзянцова знялі з цягніка і даставілі ў міліцэйскі пастарунак, адкуль пазней перавялі ў СІЗА.

Праз некалькі дзён пасля затрымання Уладзіміра Чудзянцова ад ягонага адваката стала вядома, што падчас мытнага кантролю на мяжы ў рэчах журналіста знайшлі 0,87 грама марыхуаны.

Таксама ў менскай кватэры журналіста знайшлі 6,02 грама марыхуаны.

Hавiны
«Гэта помста за фільм». NEXTA заклікаў да кампаніі салідарнасці з Чудзянцовым
2019.11.23 11:34

Раман Пратасевіч абвесціў у інтэрнэце збор сродкаў на адваката для Чудзянцова. На сёння кампанію падтрымалі 740 плацяжамі на агульную суму Br 10 520.

23 лістапада блогер NEXTA заявіў, што справа Чудзянцова – палітычная, і заклікаў да маштабнай кампаніі салідарнасці з журналістам.

«Затрыманне Уладзіміра – справа выключна палітычная і звязаная са мной, з вамі. Бо мяне асабіста дастаць не могуць. Таму пачалі заходзіць праз тых, хто мне блізкі і дарагі. Каб напалохаць, адпомсціць», – падкрэслівае NEXTA.

Паводле блогера, пераслед Чудзянцова – гэта помста за тое, што ён дапамагаў блогеру ў стварэнні стужкі «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы». NEXTA назваў справу Чудзянцова копіяй расейскай спецаперацыі супраць журналіста Івана Галунова.

24 лістапада кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец апублікаваў на старонцы арганізацыі заяву, што справа Івана Галунова і Уладзіміра Чудзянцова – «дзве вялікія розніцы».

«Галуноў меў рэпутацыю і займаўся журналісцкімі расследаваннямі, а не «накідваў на вентылятар«. А Чудзянцова, думаю, не за журналістыку ўзялі. Зразумела, што калі падкідванне «рэчавых доказаў« мела месца, то гэта пакідаць па-за ўвагай нельга. Але Чудзянцоў – пра што я і пішу – НЕ журналіст. А я – НЕ Чудзянцоў», – заявіў Бастунец.

У панядзелак 25 лістапада стала вядома, што журналіста затрымалі на два месяцы. Афіцыйнае абвінавачанне яму выставілі 29 лістапада.

  • Уладзімір Чудзянцоў у апошнія гады працаваў фрылансэрам, вёў уласны сайт by24.org. Раней ён быў карэспандэнтам «Tut.by», аднак у 2012 годзе быў звольнены са скандалам.
  • У красавіку 2016 году ў Чудзянцова правялі вобшук, канфіскавалі ўсю тэхніку і ўзялі падпіску аб неразгалошванні. У чым канкрэтна вінавацілі тады Чудзянцова і як развівалася справа – няясна.
  • Падчас суду над Тарасам Аватаравым у тым жа красавіку 2016-га Чудзянцоў даваў паказанні ў ролі сведкі, казаў, што перадаваў Аватараву 100 долараў «на дапамогу добраахвотнікам».

ДД belsat.eu

Стужка навінаў