Справу за снегавіка з чырвоным шалікам суддзя адправіла на дапрацоўванне

На Гомельшчыне суддзя адправіла на дапрацоўванне ў міліцыю адміністратыўную справу вяскоўца, які зляпіў снегавіка з чырвоным шалікам у сваім двары ды напісаў на снезе «Жыве Беларусь». Міліцыянты пабачылі ў гэтым «несанкцыянаваны пікет», распавёў «Белсату» праваабаронца Леанід Судаленка.

Снегавік, у якім міліцыянты пабачылі «незаконнае пікетаванне». Фота: Леанід Судаленка

Пратакол за несанкцыянаваны пікет міліцыянты склалі на 51-гадовага жыхара вёскі Маркавічы Сяргея Качалава 25 снежня. Напярэдадні вясковец зляпіў снегавіка, упрыгожыў яго чырвоным шалікам і на снезе ўнізе напісаў «Жыве Беларусь». На момант складання пратаколу снегавік растаў, але міліцыянты скарысталіся здымкам.

Сяргей Качалаў і Леанід Судаленка. Фота: Леанід Судаленка

Справу накіравалі ў суд, 14 студзеня яе разглядала суддзя Тамара Застаўнецкая.

«Суддзя паслухала чалавека, запытала пра надпіс «Жыве Беларусь». Сяргей Качалаў распавёў, што гэта словы Янкі Купалы. Паседжанне цягнулася каля сямі хвілінаў, суддзя вырашыла накіраваць справу на дапрацоўванне. Яна адзначыла, што не бачыць тут выказвання палітычных поглядаў. Я магу сказаць, што сапраўды тут няма правапарушэння. Чалавек проста зрабіў снегавіка і надпіс. Я лічу, што справа не вернецца ў суд, яе спыняць у міліцыі, бо насамрэч выглядае сітуацыя проста абсурдна», – распавёў «Белсату» праваабаронца Леанід Судаленка.

У Менску судзяць маладзёнаў, якія распісалі шчыты АМАПу. Дзяўчыне інкрымінуюць «абразу прэзідэнта»

СК belsat.eu

 

Hавiны