Справу Андрэя Бяляўскага за захоўванне патрона перадалі ў суд. Раней ён быў фігурантам «справы патрыётаў»


Крымінальная справа менскага мастака-дызайнера Андрэя Бяляўскага за захоўванне аднаго патрона перададзеная ў суд Ленінскага раёну Менску.

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Згодна з ч. 1 арт. 295 Крымінальнага кодэксу Андрэю Бяляўскаму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Пра затрыманне Андрэя Бяляўскага стала вядома 28 сакавіка. Яго вінавацілі ў навучанні і падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках, а таксама ў стварэнні «незаконнага ўзброенага фармавання».

Дызайнера адпусцілі з турмы КДБ 2 чэрвеня.

12 снежня Следчы камітэт прад’явіў абвінавачанне маладому чалавеку па ч. 2 арт. 295 «Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў» за захоўванне аднаго патрона.

Андрэй Бяляўскі падчас допыту перадаў следчаму, які вядзе справу, хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу, з просьбай прызнаць, што ягоны ўчынак з захоўваннем патрона не ўяўляе грамадскай небяспекі і юрыдычна нязначны.

5 снежня яму было адмоўлена ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнай справы.

Праваабаронцы «Вясны» сцвярджаюць, што ў выпадку, калі Андрэя Бяляўскага суд пакарае рэальным пазбаўленнем волі, такое пакаранне будзе расцэньвацца, як відавочна непрапарцыйнае і палітычна матываванае. У такім выпадку гаворка пойдзе аб прызнанні яго палітвязнем.

Дата суда пакуль не прызначаная.

НМ, belsat.eu, паводле ПЦ «Вясна»

Стужка навінаў