Справаздача адмысловага пракурора М'юлера – у інтэрнэце. Ён не знайшоў змовы Трампа з Расеяй


18 красавіка 2019 года. Доналд Трамп пасля прэсавай канферэнцыі аб выніках расследавання адмысловага пракурора Робэрта М’юлера ўва Усходняй зале Белага дому. Фота – Carlos Barria/Reuters/Foum

Міністэрства юстыцыі ЗША апублікавала справаздачу спецпракурора Робэрта М’юлера па выніках расследавання аб магчымым расейскім умяшанні ў выбары амерыканскага прэзідэнта ў 2016-м.

У дакуменце больш за 400 старонак, з яго прыбраныя некаторыя сакрэтныя звесткі і паказанні сведак.

Тэлеканал «Дождж» пасля папярэдняга вывучэння дакладу піша, што следчыя прыйшлі да выснова, што чальцы штабу Доналда Трампа ведалі, што могуць атрымаць выгаду ад незаконных спробаў Расеі ўмяшацца ў выбары і наяўнай у яе інфармацыі, але не ішлі на парушэнне закона. У прыватнасці, М’юлер адзначаў цікавасць Трампа да публікацый на «WikiLeaks» з выкрадзенай перапіскай кіраўніцтва Дэмакратычнай партыі.

Спецпракурор зафіксаваў «незлічонае мноства» кантактаў не менш за 16 чалавек, звязаных з Трампам, з прадстаўнікамі Расеі. У прыватнасці, яны прапаноўвалі арганізаваць асабістую сустрэчу Трампа і Пуціна, дапамогу штабу, а таксама сустрэчы чальцоў штабу з расейскімі чыноўнікамі. Тых, хто схлусіў пра гэтыя спатканні, ужо абвінавацілі ў падмане следства.

Трамп хацеў дамагчыся адстаўкі М’юлера. У чэрвені 2017 года ён даў указанне юрыдычнаму дарадцы Белага дому Дону Макгану запатрабаваць ад генпракурора адхіліць Мюлера праз канфлікт інтарэсаў.

Кіраўнік юрыдычнага камітэту Палаты прадстаўнікоў Джэры Надлер абвясціў, што выклікае М’юлера ў Кангрэс, каб спецпракурор асабіста адказаў на пытанні з нагоды расследавання.

Трамп адрэагаваў на публікацыю справаздачы ў «Тўітэры»:

«Не было змовы, не было спробаў перашкодзіць. Для ненавіснікаў і радыкальна левых дэмакратаў – гульня скончаная».

Расследаванне імавернага расейскага ўмяшання ў прэзідэнцкія выбары ў ЗША працягвалася амаль два гады. Расея катэгарычна адмаўляла сваё ўмяшанне ў выбары.

ДД

Стужка навінаў