Справа педафілаў: «На лаву падсудных маюць сесці дзясяткі чалавек, а не адзін»


Скандальная крымінальная справа педафілаў дайшла да суду. Але на лаве падсудных – толькі адзін чалавек, які калісьці працаваў у Адміністрацыі прэзідэнта. Чаму не судзяць усіх?

Ахвяры – дзеці з закрытых навучальных установаў Беларусі і дзеці-сіроты. Іх колькасць за прыблізна два дзясяткі гадоў сягае 10 тысяч!

У 2014 годзе ў гэтай справе ўжо асудзілі дваіх менскіх педафілаў, якія прадстаўляліся дзецям трэнерамі па веласпорце і футболе. У нататніку першага злачынцы знайшлі 800 імёнаў хлопчыкаў. Яшчэ два нататнікі ён паспеў знішчыць. Другі педафіл заявіў у судзе, што ягонымі ахвярамі сталі ад 8 да 10 тыс. чалавек. Абодвух пасадзілі ў 2014-м.

У тым жа годзе журналісты партала tut.by высветлілі, што з асуджанымі ў «справе раварыстаў» быў звязаны былы працаўнік Адміністрацыі прэзідэнта Вячаслаў Давыдовіч. Яго звольнілі з гэтай пасады яшчэ ў 1998 годзе, пасля чаго ён стварыў дабрачынны фонд «У дапамогу дзецям-сіротам». Давыдовіч меў ля Менску катэдж плошчаю 1000 кв. м., куды педафілы прывозілі ахвяраў, абяцаючы «падпрацоўку на будове». У катэдж таксама наведваліся вядомыя бізнесмены.

У 2014-м Давыдовіча ўсё ж пасадзілі. Але за фінансавыя махінацыі, на 4 гады. І толькі днямі супраць яго распачалі 17 крымінальных справаў за сексуальныя кантакты з дзецьмі ды падлеткамі. Чаму толькі цяпер?

Кіраўнік грамадскага аб’яднання «Разуменне» Андрэй Маханько, кажа, што на лаву падсудных маглі б сесці яшчэ некалькі дзясяткаў асобаў. Вельмі высокапастаўленых: «Гэта вядомыя ў Беларусі людзі. Яны нават паказваюцца на экранах тэлевізараў. Яны дасюль пры пасадах».

Суразмоўца мяркуе, што прычына – шкода, якую справа можа нанесці не толькі буйным бізнесменам, але і іміджу Беларусі на міжнароднай арэне.

Як педафілія змяшана з буйнымі бізнес-інтарэсамі? Падрабязней – у «Размове Калінкінай» (відэа – вышэй).

«Размова дня» выходзіць на «Белсаце» штодня пасля вячэрняга выдання навінаў «Аб’ектыў» (21:00) апрача выходных.

Глядзець іншыя выданні праграмы «Размова дня»

ІА, belsat.eu

Стужка навінаў