Аляксандр Фядута Справа не ў Лукашэнку, справа ў нас

паліткансультант

З задавальненнем прачытаў каментар Аляксандра Класкоўскага на belsat.eu з нагоды законапраекта аб гарантыях былому прэзідэнту, ад ўсё яшчэ дэпутата Ганны Канопацкай. Я заўсёды чытаю лёгка і дасціпна напісаныя тэксты з задавальненнем.

З гэтага пункту гледжання, канечне, закон – мяркуючы па змешчаным у інтэрнэце тэксце – напісаны менш лёгка і дасціпна, а ў асноўных сваіх палажэннях, падобна, проста перапісаны з адпаведнага заканадаўчага акту Расейскай Федэрацыі. Але стаўленне да тэксту – гэта адно, а стаўленне да праблемы – зусім іншае.

Спадар Класкоўскі, як і большасць іншых асоб, якія публічна ўзяліся ацэньваць ўчынак спадарыні Канопацкой, разглядае яго як спробу ўгаварыць Аляксандра Лукашэнку пайсці ў адстаўку. Прычым разглядае ва ўсё той жа звыклай парадыгме: захоча – сыдзе, а ён ніколі не захоча, таму ніколі не сыдзе. А значыцца закон прымаць не варта. Чытай: спадарыня Канопацкая здзейсніла глупства і канчаткова сапсавала сабе рэпутацыю.

У маіх вачах Ганна Анатолеўна і глупства не здзяйсняла, і рэпутацыі сабе не псавала. Яна дэ факта публічна задала пытанне: мы жывем сённяшнім днём ці думаем пра будучыню? І калі мы думаем пра будучыню, дык ці не азначае гэта, што ў нас усё павінна быць, як у людзей? Як у цывілізаваных краінах.

Аляксандр Лукашэнка і экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма. фота: president.gov.by

У цывілізаваных краінах ёсць інстытут прэзідэнта па заканчэнні кадэнцыі. Яму належыцца пенсія. Як носьбіту дзяржаўных таямніц, яму належыцца ахова. Яму і ягонай сям’і гарантавана недатыкальнасць. Усё гэта – ўспомнім амерыканскі вопыт – дзейнічае і ў тым выпадку, калі прэзідэнт падаў у адстаўку, не чакаючы імпічменту.

Калі хтосьці не ў курсе: Рычард Ніксан у свой час сышоў у адстаўку менавіта для таго, каб дзяржаўныя гарантыі яму як экс-прэзідэнту былі забяспечаны. Ён не быў мільянерам, і пенсія для старога была важнай.

Значыць, рана ці позна адпаведны інстытут – і адпаведны закон – павінен з’явіцца і ў нас.

Які менавіта закон? У якой менавіта ступені ён павінен супадаць з расейскім? Ці, быць можа, мае сэнс ўзяць польскі, амерыканскі, французскі або любы іншы ўзор? Паколькі там розныя законы.

Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын. фота – president.gov.by

Ельцын зрабіў проста. Ён сышоў сам, і адпаведны нарматыўны акт быў падпісаны яго пераемнікам, а ўжо потым быў прыняты закон.

З майго пункту гледжання, лепш, каб закон быў прыняты адразу. Дарэчы, у тэксце Канстытуцыі 1996 году была норма, згодна з якой экс-кіраўнік беларускай дзяржавы пасля сыходу з пасады аўтаматычна становіцца членам Савета Рэспублікі, гэта значыць, валодае статусам недатыкальнасці. Так што калі хтосьці лічыць, што спадар Лукашэнка пра гэта не думаў, той не мае рацыі: думаў, зразумела.

Прынцыповае пытанне ў іншым.

Ужо пачуліся крыкі: якія гарантыі яму, сволачы? Кроў ахвяраў рэжыму лямантуе! Ледзьве не «разарваць яго трэба!».

Ну-ну. Бадлівай карове Бог рогаў не дае. Хтосьці з абураных ўжо спрабаваў арганізаваць рэвалюцыю. Атрымалася? Не, мне проста цікава атрымаць канкрэтны адказ: атрымалася арганізаваць рэвалюцыю? Бо толькі ў выніку рэвалюцыі гарантый можа не быць. І вось гэта Лукашэнка дакладна разумее.

«Канапацкая сталася суўдзельніцай злачынстваў Лукашэнкі». Былы дэпутат – аб праекце гарантыяў першаму прэзідэнту

Ідзем далей. Да пытання аб «крыві ахвяраў». Сябры мае, ні адзін з нас не з’яўляецца суддзёй; ніхто не ўзважваў рэальныя доказы вінаватасці альбо невінаватасці Лукашэнкі ў тым, у чым яго вінавацяць. Вы да ўлады не прыйшлі, а ўжо прысуды выносіце? Ды яшчэ без суда? Дэмакраты нейкія дзіўныя пайшлі – як люстраны адбітак самога Лукашэнкі, што загадзя ведае, якім будзе прысуд суда па тым ці іншым вострым пытанні. Але ён хаця б кажа пра гэта тады, калі суд ужо ідзе. А вы – папросту цяпер? Ці не занадта смела?

Партрэты зніклых беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў. Фота belsat.eu

Дваццаць з лішкам гадоў гэты чалавек так, як разумеў, выкарыстоўваючы тыя механізмы, якія ўмеў выкарыстоўваць, садзейнічаў таму, каб у дамах было святло і цяпло, каб быў забяспечаны нейкі мінімум даходу ў большасці сем’яў, ну і, да таго ж, сёе-тое зрабіў для развіцця і захавання краіны. На гэтую тэму добра можа выказацца Павел Данейка, пра што мы неаднаразова размаўлялі з ім пры сустрэчах. І апошнія пяць гадоў фактычнай адмовы ад мадэлі «сацыяльнай дзяржавы» зусім не азначаюць, што народ пра гэта забыўся. Народная памяць – наогул рэч складаная. Хрушчова высмейваюць, Гарбачова ненавідзяць, Сталіна абагаўляюць, а пра Брэжнева ўспамінаюць ці ледзь не з прыдыханнем. Таму за ўвесь народ, як і за ўсю Адэсу ў песні, я вам не скажу. Магу толькі сказаць, што асабіста я ўпэўнены: яшчэ гадоў пяць пасля сваёй добраахвотнай адстаўкі Аляксандр Лукашэнка будзе заставацца досыць моцнай фігурай, каб яго не адважыліся зачапіць.

Падкрэслю – пасля добраахвотнай адстаўкі, сыходу, не балатавання ў прэзідэнты. Які варыянт ён абярэ – яго справа. Але тое, што не зачэпяць, – у гэта я веру, паколькі ідыётам другога прэзідэнта Беларусі апрыёры лічыць не магу. А вось у выпадку публічных ахвяр – зачэпяць. І ніякі закон не дапаможа.

Менавіта таму патрэбны такі закон. Не такі, як праект спадарыні Канопацкой, але – у прынцыпе.

І дадам.

Партрэт Аляксандра Лукашэнкі ў беларускай школе. Фота Marcin Dlawichowski / Forum

Адным з тых, каго я лічу сваім настаўнікам у палітыцы, быў Васіль Лявонаў. Памяць пра Васіля Севасцьянавіча і пра гутаркі з ім я захоўваю. І гэты чалавек, якога Лукашэнка абразіў смяротна, пасьля 2006 году сказаў мне аднойчы:

– Мы павінны зразумець: месца першага прэзідэнта Беларусі – не на лаве падсудных, а ў падручніку гісторыі.

Меў рацыю Васіль Севасцьянавіч. Справа не ў Лукашэнку, справа ў нас. У тым, што мы не ў стане на хвіліну абстрагавацца ад уласных боляў і крыўд і проста задумацца пра тое, што будзе з намі ўсімі. Якой будзе наша краіна. Якім будзе ў ёй закон. Якім будзе суд. Тады мы перастанем падстаўляць ў законапраекты імёны канкрэтных людзей і перапісваць пад іх нарматыўныя акты.

І будзе не закон пра пенсію Лукашэнкі, а закон аб гарантыях кіраўніку дзяржавы па заканчэнні прэзідэнцкага тэрміну.

І гэта будзе правільна.

Аляксандр Фядута/АА

belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары