Справа Марыны Золатавай накіраваная ў суд


Генеральная пракуратура накіравала ў Менскі гарадскі суд для вызначэння падсуднасці крымінальную справу ў дачыненні да галоўнага рэдактара партала TUT.BY Марыны Золатавай, паведаміў афіцыйны прадстаўнік ведамства Дзмітрый Брылёў.

«Сёння ў Менскі гарадскі суд для вызначэння падсуднасці накіравана крымінальная справа па абвінавачанні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 425 КК (Бяздзейнасць службовай асобы)», – паведаміў TUT.BY Брылёў.

То бок, будзе вызначана, дзе адбудзецца працэс – пакуль невядома, колькі часу гэта зойме.

Паводле Брылёва, пракурор не ўбачыў падстаў для змены або адмены раней абранай меры стрымання. Як і раней, рэдактар ​​знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

Ведамства прыйшло да высновы, што абвінавачанне выстаўлена абгрунтавана і пацвярджаецца сукупнасцю сабраных доказаў. Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэту.

Раней СК двойчы адмовіў Золатавай у задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу.

Нагадаем, Золатава засталася адзінай абвінавачванай па «справе БЕЛТА», астатнія фігуранты – 14 супрацоўнікаў розных СМІ – былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў, журналісты былі абавязаны кампенсаваць шкоду. Сумы розныя – ад 3 да 17 тысяч рублёў.

Золатаву абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (Бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкулу – ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Hавiны
«Значыць, быў такі план». Галоўная рэдактарка Tut.by засталася адзінай падазраванай па «справе БелТА»
2018.11.30 18:36

Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася па ч. 2 арт. 349 (Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі) КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. З усіх падазраваных Золатава – адзіная, як высветліла следства, хто не ажыццяўляў доступ да платных матэрыялах БЕЛТА. Крымінальны пераслед па гэтым артыкуле ў дачыненні да Золатавай спынілі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў