«Справа Коржыча»: праверка наконт ціску КДБ зацягнецца на месяц


У судзе па справе сяржантаў Яўгена Бараноўскага, Ягора Скуратовіча і Антона Вяжэвіча, на якіх ускладаюць адказнасць за трагічную гібель Аляксандра Коржыча ў Печах, абвешчаны перапынак да 17 кастрычніка.

Зрабіць у судзе перапынак хадатайнічаў дзяржаўны абвінаваўца – ён патлумачыў, што гэты час патрэбны, каб Следчы камітэт скончыў праверку паводле факту заяваў падсудных наконт фізічнага і псіхалагічнага ціску на іх з боку КДБ падчас папярэдняга следства.

Заявы наконт ціску з боку КДБ прагучалі на судзе ў верасні. У прыватнасці, пра гвалт у дачыненні яго заявіў сяржант Бараноўскі – гэта нібыта прымусіла часткова агаварыць сябе і іншых фігурантаў справы. Сяржант Скуратовіч таксама заявіў пра ціск, але адзначыў, што прынцыпова на ягоныя паказанні гэта не паўплывала.

Для правядзення праверкі па факце гэтых заяваў у судзе ўжо другі раз абвяшчаецца перапынак. Першы перапынак цягнуўся з 18 верасня да 8 кастрычніка – меркавалася, што за гэты час праверка будзе скончаная. Аднак, як высветлілася, СК патрэбна больш часу.

Акрамя таго, перапынак на 8 дзён патрабуецца суду, каб выклікаць на працэс у якасці сведкаў стрыечную сястру Аляксандра Коржыча, старшыню медычнай роты з Печаў, а таксама найлепшага сябра Коржыча – Іллю Казубоўскага.

Летась Ілля Казубоўскі ў інтэрв’ю belsat.eu выказваў меркаванне, што Коржыча менавіта забілі. «Ён распавядаў, што ў Печах адбываецца жах. Здзекаваліся, білі, абражалі. Я магу дакладна сказаць, што яго забілі: калі мы яго пераапраналі, у яго было шмат сінякоў», – казаў хлопец тады.

  • 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка 2017 года знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі толькі на 7-ы дзень пасля смерці – са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, з яго здзекаваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.
  • Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных справаў у дачыненні вайскоўцаў за дзедаўшчыну і бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы.
  • Нарэшце, 19 красавіка Следчы камітэт абвесціў, што следства па справе завершана і версія забойства не пацвердзілася. Паводле СК, Коржыча не забілі, але давялі да самазабойства, і вінаватыя ў гэтым тры сяржанты з трэцяй вучэбнай танкавай роты 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтру падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Сваякі жаўнера з высновамі следства не згодныя.
  • Суд па справе распачаўся 8 жніўня. Сяржантаў Яўгена Бараноўскага, Ягора Скуратовіча і Антона Вяжэвіча абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 430 («атрыманне хабару»), а таксама паводле ч. 3 арт. 455 (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады або бяздзеянне ўлады) Крымінальнага кодэксу Беларусі. На думку следства, менавіта іхныя дзеянні падштурхнулі Коржыча да самагубства. Сваю віну сяржанты прызнаюць часткова. Паводле іх, злоўжыванне ўладай і атрыманне хабараў сапраўды адбываліся, аднак датычнасць да смерці Коржыча падсудныя зняпраўджваюць.
  • Паралельна Менскі раённы суд разглядае справу прапаршчыка Артура Вірбала і лейтэнанта Паўла Сукавенкі з роты, дзе загінуў Аляксандр Коржыч. Іх вінавацяць ва «злоўжыванні ўладаю» (ч.1 і 2 арт. 455 КК), аднак следства не лічыць, што яны датычныя да смерці Коржыча. Пацярпелымі ў справе праходзяць 6 сяржантаў, сярод іх – Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў