Справа хворага ўкраінца Юрыя Амяльчука – на асабістым кантролі ў Лукашэнкі


21-гадовы цяжкахворы нарадзінец Украіны, які з 5-гадовага ўзросту жыве ў Беларусі, цяпер у Пінскай цэнтральнай больніцы.

Юрый распавёў belsat.eu, што яму трошку лепш і да яго добра ставяцца.

«Я ўсім задаволены. Чакаю рашэння аб грамадзянстве, аднак пакуль мне нічога не паведамлялі».

У Пінскім аддзеле міграцыі інфармацыі пра грамадзянства Юрыя няма. Адказу чакаюць з Берасцейскага РАУСу.

У каментары belsat.eu намеснік начальніка аддзелу Берасцейскага АУСу Алег Кавальчук сказаў, што справа хлопца – на разглядзе ў Адміністрацыі прэзідэнта.

«Справа вельмі пільная. Мы робім усё, каб яму дапамагчы. І спадзяюся, што паспеем. Дакументы ў Менску на асаблівым кантролі. Трэба яшчэ крыху пачакаць».

Хто такі Юрый Амяльчук

Юрый Амяльчук скончыў у Беларусі школу і каледж. Раней не меў сур’ёзных захворванняў, але падчас адпрацоўкі ў лістападзе 2016 года ў хлапца выявілі саркому косці. На аперацыю дапамаглі сабраць грошы валанцёры.

У ліпені 2018 года ў Юрыя знайшлі пухліну ў лёгкім, а пазней – двухкамерную кісту, якая пачала імкліва разрастацца і душыць унутраныя органы. Аперацыя на лёгкім – у межах 5–6 тысячаў долараў. Кошту аперацыі па выдаленні кісты лекары ўвогуле не паведамляюць. Зноў сабраць такія грошы сямʼя Юрыя не ў стане.

Хлопца не хацелі лекаваць бясплатна, бо ён не мае беларускага грамадзянства. Аднак пасля розгаласу справаю Юрыя занялася Адміністрацыя прэзідэнта.

Гісторыю Юрыя глядзіце ў нашым рэпартажы

ДР belsat.eu

Стужка навінаў