«Справа БелТА» і «Белсат», ці як выйсці з клубу дыктатараў


Беларусь – зноў у ліку несвабодных дзяржаваў. Паводле найноўшай справаздачы «Freedom House», летась сітуацыя з дэмакратыяй у нашай краіне яшчэ пагоршылася. Што паўплывала на ацэнку міжнародных аналітыкаў? Наколькі гэты рэйтынг – уплывовы? А што самае галоўнае: як падняць пазіцыю Беларусі?

Судан, Паўночная Карэя, Рэспубліка Конга… і Беларусь. Што аб’ядноўвае гэтыя краіны? Усе яны застаюцца ў ліку несвабодных – паводле найноўшай справаздачы «Freedom House».

«Гэты год стаў 13-м годам пагаршэння сітуацыі са свабодай у свеце. У мінулым мы бачылі слабыя краіны, якія станавіліся яшчэ слабейшымі. Але цяпер мы бачым таксама дэмакратыі ў заняпадзе», – адзначыў Сэра Рэпучы, старэйшы дырэктар у даследаваннях і аналізе «Freedom House», Вашынгтон.

На мапе «Freedom House» зялёным колерам пазначаныя свабодныя краіны, жоўтым – часткова свабодныя і фіялетавым, як Беларусь, – цалкам несвабодныя. Згодна з ацэнкаю экспертаў, летась сітуацыя ў нашай краіне хоць нязначна, але пагоршылася. Беларусь атрымала 19 пунктаў з магчымых 100 – столькі ж, колькі Венесуэла, Камерун і Эфіопія.

«Індэкс паказвае, што свабоды летась стала менш. Канечне, гэта ў першую чаргу «справа БелТА» і ўскладненне працы незалежных журналістаў. Таксама пытанне мясцовых выбараў. Зразумела, што ўсё было як звычайна», – кажа праектны дырэктар «Freedom House» у Літве Віціс Юрконіс.

Сваю ацэнку «Freedom House» базуе на сітуацыі з палітычнымі і грамадзянскімі свабодамі – свабодай сходаў і асацыяцыяў, сітуацыяй з незалежнымі медыямі, празрыстасцю выбарчага працэсу. І гэта менавіта тыя сферы, дзе існуе шэраг парушэнняў у постсавецкіх краінах.

«Краіны Цэнтральнай Азіі – там усё стабільна кепска. Можна сказаць, што Кыргызстан – пэўнае выключэнне. У краінах «Усходняга партнёрства» карцінка няроўная. Ёсць нейкі пазітыў – гэта Арменія», – працягвае Юрконіс.

Арменія, дзе адбылася змена ўлады шляхам мірнай рэвалюцыі, палепшыла сваю пазіцыю адразу на 6 пунктаў. Побач з Беларуссю застаецца ўсяго адна краіна з такім жа колерам – Расея.

«Калі глядзець на вялікую суседнюю краіну, Расею, таксама ўсё даволі кепска. Свабоды мала, прасторы для нейкіх дэмакратычных тэндэнцыяў не вельмі шмат. Хоць можна сказаць, што расследавальніцкая журналістыка паказвае свае цягліцы, нягледзячы на кепскую сітуацыю», – лічыць Віціс Юрконіс.

У выпадку Беларусі адбываецца наадварот: цягліцы паказваюць улады. Гэты год адзначыўся «справаю БелТА» – крымінальным працэсам супраць журналістаў за нібыта несанкцыянаваны доступ да інфармацыі дзяржаўнага агенцтва. Летась вялікі ціск спазналі журналісты, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам»: ім давялося заплаціць рэкордную суму штрафаў – 46 тысяч долараў у эквіваленце.

«Пагаршэнне ацэнкі сітуацыі ў Беларусі ў асноўным звязана са свабодай сродкаў масавай інфармацыі і пераследам журналістаў», – адзначае Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

Hавiны
Вынікі першага дня суда над Марынаю Золатавай. Максімальна каротка
2019.02.12 16:38

На меркаванне дырэктара Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі, рэйтынг «Freedom House» – адзін з самых уплывовых у свеце. А таму важны для Беларусі, асабліва калі казаць пра перспектывы замежных інвестыцыяў.

«Уявіце сабе нейкія буйныя карпарацыі ці інстытуцыі, якія думаюць пра супрацу з рознымі краінамі, і вось яны ацэньваюць сітуацыю ў гэтых краінах, у тым ліку вымяраюць пэўныя рызыкі супрацы з гэтай краінай, эканамічных інвестыцыяў ці іншых формаў узаемадзеяння. Куды яны глядзяць? Яны глядзяць у такога кшталту міжнародныя справаздачы», – кажа Ягораў.

Зрэшты, не толькі самы ўплывовы, але і адзін з найстарэйшых. Арганізацыя адсочвае сітуацыі з дэмакратыяў у свеце ўжо больш за 40 гадоў. У Дзярждэпартаменце ЗША нават існуе асобны крытэрый пад назваю «F», які выкарыстоўваецца падчас прыняцця шэрагу рашэнняў.

«Freedom house» – гэта невялікая недзяржаўная арганізацыя ў Злучаных Штатах. Самі мы не можам зрабіць шмат. Мы перадаем свой пасыл канкрэтна ва ўрады, ва ўрад Злучаных Штатаў, са спадзевам паўплываць на замежную палітыку», – тлумачыць Сэра Рэпучы.

Што ў такой сітуацыі мусіць зрабіць Беларусь, каб змяніць сваю пазіцыю і прынамсі змяніць колер з фіялетавага на жоўты?

«Можна выбіраць са шматлікіх рэчаў. Гэта і правасуддзе, гэта і канкрэтныя правы чалавека. То бок той факт, што Беларусь – адзіная еўрапейская краіна, дзе яшчэ існуе кара смерці, гэта розум не йме», – падказвае Віціс Юрконіс.

«І тут, вядома, не атрымаецца зрабіць так, як у свой час улады зрабілі з рэйтынгам «Doing Business», дзе яны спрасцілі пэўны шэраг працэдураў, паўплываўшы на месца Беларусі ў гэтым рэйтынгу, але не надта паўплываўшы на сітуацыю з эканамічнай свабодай у Беларусі ў цэлым», – мяркуе Андрэй Ягораў.

Бо структурныя змены ў перспектыве азначаюць змены палітычнага рэжыму. Таму Аляксандр Лукашэнка ўсцяж аддае перавагу колеру фіялкі, які на мапе «Freedom House» дэ-факта азначае клуб дыктатараў і аўтарытарных кіраўнікоў.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Вольга Жарнасек, belsat.eu. Фота: Sergei Savostyanov / TASS / FORUM

Стужка навінаў