Ярмошына пра Ціханоўскага: «Спрабаваў расхістаць сітуацыю, накіраваўшы яе на змену ўлады»


Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў інтэрв’ю распавяла «КП», што новую крымінальную справу супраць Сяргея Ціханоўскага ініцыявала яна сама.

Паводле звестак праваабаронцаў, супраць Ціханоўскага распачатая справа паводле арт. 191 КК («перашкода працы ЦВК»). Ён ужо знаходзіцца ў СІЗА паводле абвінавачвання ў «грубым парушэнні грамадскага парадку» (чю 1 арт. 342 КК), яго і васьмярых паплечнікаў прызналі палітзняволенымі.

Каментуючы крымінальны пераслед чальцоў ініцыятыўных груп да выбараў, Лідзія Ярмошына заявіла:

«Не трэба крымінальныя справы да нас. Гэта ідзе паралельна і не залежыць ад ЦВК. Ініцыятарам адной заявы ў дачыненні да Ціханоўскага была і я. Гэта звязана з тым, што гэтая група паводзіла сябе нягодна. У нас заўсёды гэты перыяд – збор подпісаў – праходзіў культурна і карэктна. Нават у 2010 годзе, калі былі самыя гучныя выбары. Група Ціханоўскага імкнуліся расхістаць сітуацыю, выкарыстала збор подпісаў, накіраваўшы яе на змену ўлады».

На заўвагу журналіста, што змена ўлады – гэта нармальна для выбараў, старшыня ЦВК адказала:

«Не, не нармальна. Выбары гэта канстытуцыйны пераход улады, але не гвалтоўная змена»

Паводле Ярмошынай, іншая крымінальная справа – супраць «Белгазпрамбанку» – «жудасна далёкая ад яе». Тое, што пераслед супаў з удзелам Бабарыкі ў выбарах, яна каментуе наступным чынам:

«Звязваецца толькі ў абывацельскіх вачах. Ніхто з тых, хто вылучаецца на выбары, не мае ніякага імунітэту. Прэтэндаваць на пасаду прэзідэнта не можа толькі той, у каго не пагашана крымінальная судзімасць. А ўсе астатнія могуць удзельнічаць, пакуль крымінальныя справы вядуцца».

***

На паседжанні ЦВК 4 чэрвеня Лідзія Ярмошына заявіла, што Сяргей Ціханоўскі падчас пікетаў нібыта публічна пагражаў ёй забойствам і звярнулася ў Следчы камітэт з просьбай праверыць дзейнасць Ціханоўскага на наяўнасць складу злачынства, прадугледжанага арт. 191 КК. «Я бачу пагрозы ў сувязі з выкананнем прафесійных абавязкаў», – сказала Ярмошына.

Hавiны
Ярмошына звярнулася ў СК з просьбай распачаць супраць Ціханоўскага новую крымінальную справу
2020.06.04 12:24

КА belsat.eu

Стужка навінаў