Споўніўся год з дня смерці беларуса Алеся Чаркашына, які аддаў жыццё за Украіну + кліп


Сёння роўна год з дня смерці берасцейца Алеся Чаркашына, які паехаў ваяваць на Данбас за вольную Украіну.

Алеся Чаркашына цяжка паранілі летась 10 жніўня ў баі пад Белакаменкай на Данбасе. Ён страціў руку, а ад аскепкаў міны, якія трапілі ў грудзі, нырку і галаву, пачалося заражэнне крыві. 28 жніўня ён памёр у шпіталі ў Запарожжы, прабыўшы некалькі тыдняў у коме.

33-гадовы беларус быў старшынём берасцейскай гарадской арганізацыі БХД. Ён быў медыкам, прайшоў адмысловую падрыхтоўку і ехаў на фронт дапамагаць параненым. Больш за паўгода быў у складзе Добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правага сектару», а пазней стаў капеланам у складзе тактычнай групы «Беларусь».

Бацькі хлопца пастанавілі пахаваць сына на радзіме – на могілках у вёсцы Камяніцы-Жыравецкай пад Берасцем.

Спецыяльна для дакументальнага фільму «Белсату» пад назвай «Білорус» Антона Цялежнікава Алесь Чаркашын напісаў песню «Не здавайся». Пазней рэжысёр зрабіў асобны кліп на кампазіцыю.

«Роўна год як у лепшы свет адыйшоў «Тарас» – Алесь Чаркашын. Я з пэўненасцю магу сцвердзіць, што сваім жыццём і чынамі ён заслужыў быць беларускім нацыянальным героем. Для мяне, як і для ягоных блізкіх і сяброў, ён застанецца жывым прынамсі ў думках і ўспамніах. Алесь быў вельмі шматбаковым і цікавым чалавекам, спадзяюся неўзабаве з’явіцца пра яго фільм, які раскажа пра нялёгкі жыццёвы шлях Алеся і ягонае станаўленне як асобы», – напісаў спадар Цялежнікаў у сваім «Фэйсбуку».

Чаркашын быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «Народны герой Украіны».

Беларуская грамадзянская супольнасць абвесціла збор грошай на помнік Алесю Чаркашыну. З неабходных 4-х тысячаў долараў на сёння сабрана 2,5 тыс.

Сродкі ў Беларусі можна пералічыць брату Алеся Чаркашына на рахунак у «Беларусбанку»:

9112 0001 5805 4367 09/20

Чаркашын Ігар Мікалаевіч

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў