Спікер Дзярждумы прапанаваў Пуціну падумаць над зменай Канстытуцыі


Уладзімір Пуцін. Фота - kremlin.ru

Спікер Дзярждумы РФ Вячаслаў Валодзін прапанаваў прааналізаваць, наколькі нормы Канстытуцыі РФ «эфектыўныя і не згубілі сваю сутнасць». Такую заяву ён зрабіў на сустрэчы расейскіх парламентарыяў з прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным, піша «Медуза».

Сустрэча Пуціна з парламентарыямі адбылася адразу пасля перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.

Вячаслаў Валодзін падкрэсліў, што аналіз трэба праводзіць, «ні ў якім разе не замахваючыся на асноватворныя палажэнні». Да працы ён прапануе прыцягнуць суддзяў Канстытуцыйнага суда, навукоўцаў і экспертаў.

Якія менавіта нормы асноўнага закона, на думку Валодзіна, маглі «страціць сваю сутнасць», з яго выступлення незразумела. Па сцвярджэнні спікера, пытанні аб актуальнасці Канстытуцыі «ўзнікаюць у грамадстве» напярэдадні памятных дат – такіх, як нядаўняе 25-годдзе прыняцця дакументу.

«Закон, і нават такі асноўны закон, ён не догма», – сказаў Валодзін.

Рэакцыя прэзідэнта РФ на прапанову старшыні ніжняй палаты парламента ў эфіры «Расеі 24» не прагучала.

Уладзімір Пуцін выказаўся наконт наступнага прэзідэнцкага тэрміну

Нагадаем, Уладзімір Пуцін быў прэзідэнтам Расеі два тэрміны ў 2000-2008 гадах, а затым на 4 гады заняў пасаду прэм’ер-міністра. У 2008 годзе Дзярждума прыняла папраўку да Канстытуцыі аб павелічэнні прэзідэнцкага тэрміну з 4 да 6 гадоў. У 2012 годзе Пуцін пайшоў на трэці, зараз ужо 6-гадовы, тэрмін, а ў 2018 годзе – на чацвёрты.

Такім чынам у 2024 годзе Пуцін па цяперашняй Канстытуцыі РФ не мае права балатавацца на новы тэрмін. Аднак многія аналітыкі ўпэўнены, што Крэмль унясе змены ў асноўны закон дзяржавы, каб Пуцін меў магчымасць застацца прэзідэнтам РФ. У траўні 2018 года парламент Чачэніі ўжо выступіў з ініцыятывай унесці папраўку да Канстытуцыі, якая дазваляе аднаму чалавеку займаць пасаду прэзідэнта тры тэрміны запар.

ІІ, belsat.eu, паводле «Медуза»

Глядзі таксама
Каментары