Спікер дыпламатыі Еўразвязу пра санкцыі супраць Лукашэнкі: Важная не колькасць, а якасць

У кантактах з расейскімі партнёрамі мы падкрэсліваем, што рэпрэсіі беларускага рэжыму ў дачыненні беларускага народу абсалютна непрымальныя, як непрымальнае і любое ўмяшанне звонку, заявіў Пэтэр Стана, прэс-сакратар Еўрапейскай службы вонкавых дачыненняў у інтэрв’ю Аліне Коўшык. Чыноўнік дадаў, што афіцыйны Брусель лічыць беларусаў часткаю еўрапейскай супольнасці. У чым логіка санкцыяў ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі?

Высокі прадстаўнік Еўразвязу Жузэп Бурэль сустрэўся са Святланай Ціханоўскай. Што яны абмяркоўвалі, і ці будуць пасля гэтага нейкія практычныя крокі?Сустрэча была знакам падтрымання Еўразвязам Святланы Ціханоўскай і ўсіх беларусаў, якія справядліва патрабуюць, каб іхны голас пачулі, хочуць мець уплыў на кіраванне ўласнай краінай і хочуць, каб паважалі іхны выбар, які датычыць прэзідэнта, лідара краіны. Еўрапейскі Звяз вельмі гучна выказваўся з самага пачатку, з моманту фальсіфікацыі выбараў у жніўні. Казалі, што мы падтрымліваем гэтыя патрабаванні беларускага народу, мы падтрымліваем Святлану і ўсіх, хто змагаецца за правы беларусаў. І гэтая сустрэча была добраю нагодай абмеркаваць сітуацыю і апошнія падзеі. Канечне, ЕЗ вельмі пільна сочыць за сітуацыяй, але заўсёды добра атрымаць інфармацыю з першых вуснаў.Гэта была не першая такая сустрэча. Спадарыня Ціханоўская некалькі месяцаў таму сустракалася ў Бруселі з міністрамі замежных справаў ЕЗ. Нам было важна быць з ёй, пачуць яе, бо мы разглядаем яе як голас усіх тых беларусаў, якія хочуць, каб іхныя правы і дэмакратычныя свабоды паважалі. Сустрэча дала нам магчымасць прадэманстраваць нашае падтрыманне гэтых патрабаванняў і падтрыманне народу Беларусі ў імкненні да таго, каб улады паважалі яго выбар, меркаванні беларускага насельніцтва.

Святлана Ціханоўская пра санкцыі ЕЗ супраць Лукашэнкі: Гэта несур’ёзна

Святлана сказала мне, што ўсе беларусы пытаюцца ў яе: «Добра, ты ездзіш у Брусель ды іншыя месцы, але якія канкрэтныя крокі робяцца?» Ці будуць прынятыя канкрэтныя рашэнні пасля яе візіту?

Канкрэтныя рашэнні ўжо былі. Еўразвяз не толькі назірае за падзеямі ў Беларусі, але і рэагуе. Мы ўжо двойчы адрэагавалі санкцыямі супраць людзей, якія адказваюць за недапушчальны гвалт і фальсіфікацыю выбараў у Беларусі. Цяпер мы прымяняем санкцыі да тых 55 асобаў, якіх лічым адказнымі за тыя дрэнныя рэчы, якія адбываюцца ў Беларусі. Гэта канкрэтныя крокі ды рашэнні. Яшчэ адно канкрэтнае рашэнне – гэта падтрыманне ЕЗ. Не толькі палітычнае, але і эканамічнае падтрыманне грамадзянскай супольнасці, незалежных медыяў, усіх, хто стаў ахвяраю ўладных рэпрэсіяў. Мы падтрымліваем усіх гэтых людзей і арганізацыі вельмі канкрэтным чынам.

Якім менавіта? Ці можаце прывесці лічбы, імёны?

Імёны былі апублікаваныя. Мы агучылі імёны ўсіх, хто трапіў пад санкцыі Еўразвязу, гэта больш за 55 чалавек. Мы збіраемся прыняць новы, трэці пакет санкцыяў, у які мы дадамо больш людзей, а таксама юрыдычных асобаў – кампаніі, прадпрыемствы. Нам вельмі важна прадэманстраваць, што мы не збіраемся весці справаў з тымі, хто адказны за ігнараванне паўнапраўнага голасу і патрабаванняў беларусаў. Што да лічбаў, то яны таксама вядомыя. Мы абвесцілі ды паўтарылі некалькі разоў, колькі менавіта мільёнаў мы даем Беларусі, беларускаму насельніцтву, у двух кірунках. Першы кірунак – дапамога ў барацьбе з наступствамі каронавіруса, бо гэта вельмі важна, а другі – тая самая падтрымка грамадзянскай супольнасці, незалежных медыяў, праваабаронцаў, каб яны маглі годна жыць і мець дастаткова рэсурсаў працягваць сваю легітымную дэмакратычную дзейнасць.

Тым не менш, мы крыху расчараваныя тым, што гэты трэці пакет санкцыяў нашмат мякчэйшы, чым было першапачаткова прапанавана. Чаму гэтак адбылося, і ці праўда, што Нямеччына і Латвія выступалі за скарачэнне гэтага спісу?

Перамовы наконт канчатковага спісу санкцыяў не публічныя, таму мы ніколі не раскрываем іх дэталяў. Санкцыі – вынік адзінагалоснага рашэння ўсіх краінаў – чальцоў ЕЗ. Іншымі словамі, гэта заўсёды кампраміс паміж патрэбамі ды патрабаваннямі розных краінаў. Але калі санкцыі ўжо прынялі, то яны адлюстроўваюць агульнае рашэнне і бачанне Еўрапейскага Звязу. І справа тут не ў колькасці – тэарэтычна, можна было б дадаць у спіс 100, 200, 300, нават 1000 імёнаў. Але важна, каб пад санкцыі трапілі менавіта тыя, хто нясе адказнасць. Мы не ўводзім санкцыі дзеля санкцыяў, для нас гэта юрыдычны інструмент, і для яго павінна быць добрае юрыдычнае абгрунтаванне – то бок, дастаткова доказаў, што гэтыя людзі або арганізацыі сапраўды мусяць зазнаць санкцыі.

Кожны, хто падвяргаецца санкцыям ЕЗ, мае права на апеляцыю ў Еўрапейскім судзе. Таму нам патрэбныя напраўду жалезныя доказы, якія сведчаць пра адказнасць кожнага чалавека і арганізацыі, якіх мы дадаем у спіс. Гэта вельмі сур’ёзна. Мы ахопліваем санкцыямі людзей, якіх лічым адказнымі, і на якіх у нас сабрана дастаткова юрыдычна значных доказаў і сведчанняў, што яны напраўду адказваюць за гэтыя дрэнныя рэчы. І зноў-такі, справа не ў колькасці, а ў якасці. Калі санкцыі ахопяць рэальна адказных за сітуацыю людзей, калі яны пачуюцца закранутымі, то магчыма, яны падумаюць двойчы перад тым, як працягваць такую дзейнасць, падтрымліваць рэжым і гэтак далей. Менавіта ў гэтым логіка санкцыяў ЕЗ.

У любым выпадку, беларусы чакаюць наступнага пакету санкцыяў. Калі мы можам іх чакаць?

Механізм санкцыяў ЕЗ адкрыты, яны рэгулярна пераглядаюцца. Таму кожны раз, калі ў нас будзе нагода пашырыць спіс людзей ці арганізацыяў, або нават ахоп санкцыяў, бо ў нас ёсць і іншыя санкцыі… На гэтым этапе нашыя санкцыі датычаць замарожвання рахункаў асобаў і забарону на паездкі, і таксама грамадзянам і кампаніям у Еўразвязе забаронена перадаваць фінансавыя рэсурсы тым, на каго распаўсюджваюцца санкцыі. Але ў нас ёсць і сектаральныя санкцыі, і іншыя тыпы. Таму як толькі краіны – чальцы Еўразвязу вырашаць, што надышоў момант, калі трэба скарыстацца гэтымі іншымі санкцыямі, мы гэта зробім. Мы ўвесь час назіраем за сітуацыяй у Беларусі, і пры неабходнасці адрэагуем.

Як Вераніка Цапкала вырашыла дапамагаць рэпрэсаваным жанчынам

Сёння беларуская дэмакратычная апазіцыя атрымала прэмію імя Сахарава, была прыгожая цырымонія. Як вы ўспрымаеце гэтых людзей тут, у Бруселі, чаму іх уганаравалі?

Вашае пытанне лепш задаць Еўрапейскаму парламенту, які заснаваў і дае гэтую ўзнагароду. Еўрапейская камісія або яе замежнапалітычная служба можа толькі дадаць, што мы абсалютна згодныя з гэтым выбарам і ўспрымаем яго як адлюстраванне або падтрыманне смеласці ўсіх тых, хто змагаецца за легітымныя правы народу Беларусі. Бо гаворка ідзе пра еўрапейскія каштоўнасці. Беларусь – еўрапейская краіна, беларусы – еўрапейская нацыя, мы лічым іх часткаю нашай супольнасці. На жаль, яны ізаляваныя вельмі дрэнным рэжымам, і надзвычай кепска, што паміж намі ёсць мяжа. Але ў беларусаў ёсць дужа важнае еўрапейскае памкненне да таго, каб іхны свабодны выбар паважалі. І калі гэта немагчыма, як у гэты момант, калі рэжым не дазваляе ім выказацца і не паважае іхнага выбару, чыніць рэпрэсіі, то самае малое, што мы можам зрабіць, – хаця б аддаць належнае і падтрымаць тых, хто змагаецца супраць гэтых непрымальных рэпрэсіяў. Гэта, з аднаго боку, вельмі сімвалічны, а з іншага боку, вельмі моцны жэст прызнання і падтрымання ўсіх, хто змагаецца за асноўныя, фундаментальныя дэмакратычныя правы.

Ці кантактуюць Брусель і Масква наконт Беларусі? Ці звязваецеся вы з Уладзімірам Пуціным або дыпламатычнымі службамі Расеі?

Еўрапейскі Звяз ад самага пачатку крызісу ў Беларусі заявіў, што гэта ўнутраная справа Беларусі – і яна павінна вырашацца ў Беларусі, беларускім народам, шляхам вельмі шырокага, інклюзіўнага агульнанацыянальнага дыялогу. Таму мы супраць якога-кольвек вонкавага ўмяшання і заклікаем усіх міжнародных гульцоў устрымацца ад такога ўмяшання. Кожная краіна, кожная нацыя мае права на развязанне пытанняў гэтак, як яна бачыць прымальным, так, каб гэтыя рашэнні адлюстроўвалі меркаванне бальшыні насельніцтва. Канечне, мы абмяркоўваем з Масквой самыя розныя тэмы – напрыклад, сітуацыю ў рэгіёне. Мы абмяркоўвалі з расейскімі партнёрамі сітуацыю ў Нагорным Карабаху, і такім жа чынам мы падымалі і падымаем беларускае пытанне, але заўсёды падкрэсліваем, што рэпрэсіі беларускага рэжыму ў дачыненні беларускага народу абсалютна непрымальныя, як непрымальнае і любое ўмяшанне звонку. Мы павінны даць магчымасць самім беларусам знайсці рашэнне шляхам агульнанацыянальнага інклюзіўнага дыялогу.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 17.12.2020

Калаж з фота: YVES HERMAN / Reuters / Forum

 

Hавiны