«Спідк'юбінг вучыць прымаць рашэнні вельмі хутка». Рэпартаж з чэмпіянату ў Магілёве


З самай раніцы ў аўдыторыях Беларуска-расейскага ўніверсітэту сабраліся спідк’юбэры з Беларусі і Расеі. Спідк’юбэры – гэта людзі, якія збіраюць розныя варыяцыі кубіка Рубіка на хуткасць. У Магілёве афіцыйнае спаборніцтва для іх ладзілася ўпершыню.

Удзел на роўных могуць браць як дарослыя, так і дзеці. Але апошніх абсалютная большасць – дзецям падабаецца супернічаць і проста ўдзельнічаць у імпрэзе. Кожны другі спідк’юбэр здымае свае рукі з кубікам на відэа, каб потым падзяліцца ролікам са сваймі падпісантамі ў сацыяльных сетках.

Дзеці вельмі задаволеныя, калі атрымліваюць станоўчы вынік. Фота «Белсат»

Удзельнікі спаборнічаюць у шэрагу дысцыплінаў: збор кубікаў 2×2, 3×3, 6×6, 7×7 і збор галаваломак (пірамідка і ск’юб). Неафіцыйная дысцыпліна чэмпіянату – збор скрамблу, пэўнага малюнка на кубіку.Спідк’юбінг выхоўвае ўсё тое, што ўласціва айцішніку.

Самыя лепшыя вынікі – заўсёды дома. На публіцы іх ніколі не паўтарыць. Фота «Белсат»

Пра арганізацыю чэмпіянату па спідк’юбінгу «Белсату» распавёў кіраўнік IT-школы «Мела Роса» Сяргей Цвікевіч:

«Магілёў быў нібы белая пляма на мапе, бо тут дагэтуль ні разу не праводзіліся афіцыйныя чэмпіянаты. Хаця па Беларусі ў цэлым ужо прайшло 37 імпрэзаў. Мы вырашылі ўзяць на сябе гэтую адказнасць. Нашая IT-школа «Мела Роса» займаецца навучаннем дзяцей, падлеткаў і дарослых інфарматыцы і кампʼютарным дысцыплінам. Спідк’юбінг – не зусім наш кірунак, але ён блізкі нам ідэалагічна. Бо гэта развіццё, алгарытмы, прыняцце рашэння, гэта дакладнасць і эфектыўнасць мыслення – усё, што павінна быць уласціва айцішнікам».

«Дзецям падабаецца, калі ім штосьці ўдаецца. Ім падабаецца станоўчая зваротная сувязь. Чым добры турнір? У любым выпадку ўдзельнікі бачаць пэўныя вынікі, канкрэтныя лічбы. Яны атрымліваюць прызы, якія таксама ёсць стымулам, атрымліваюць пэўнае кола зносінаў. І вялікі эмацыйны ўздым – такі вось комплексны эфект ад спаборніцтваў па спідк’юбінгу», — кажа Цвікевіч.

У Магілёве заняткі па збору кубіка Рубіка праходзяць у IT-школе Мела Роса і на базе СШ 21 у інструктара Андрэя Музарава. Фота «Белсат»

Што дае спідк’юбінг як хобі?

Спідк’юбінг вучыць прымаць рашэнні вельмі хутка. Тут лік ідзе на сотыя долі секунды, нават на тысячныя. Спідк’юбінг развівае ўседлівасць, логіку, алгарытмічнае і прасторавае мысленне. У чалавека з’яўляецца здольнасць факусавацца на канкрэтнай задачы. Асновы спідк’юбінгу можна засвоіць з відэаўрокаў у інтэрнэце. Далей трэба прыходзіць на спатканні спідк’юбэраў, каб падвысіць свой узровень. Мы ўжо паўтара года праводзім такія сходкі ў сваёй школе. Яны абсалютна бясплатныя. Дзеці прыходзяць, трэнуюцца, абменьваюцца досведам – так праходзіць іх падрыхтоўка да чэмпіянатаў.

Сёння сусветны рэкорд збору кубіка Рубіка 3х3 – каля 4 секундаў. Каб атрымаць такі вынік з нуля, павінны прайсці гады трэнінгаў. Вельмі моцнай павінна стаць сувязь паміж маторыкай і нейроннай сеткай. Гэта як спорт, тут наскокам не возьмеш, — кажа кіраўнік IT-школы «Мела Роса» Сяргей Цвікевіч.

Сусветны рэкорд па збору кубіка 3х3 – каля 4 секундаў. Фота «Белсат»

Кубікі бываюць розныя

Кубікі 2х2 і 3х3 ды галаваломка «Пірамідка» лічацца класічнымі дысцыплінамі і пасуюць пачаткоўцам. Калі вы з імі справіліся, то можна пераходзіць далей, да кубікаў 6х6 і 7х7 – гэта планка прафесіяналаў.

Спідк’юбінг вучыць прымаць рашэнні вельмі хутка. Фота «Белсат»

Стандартны кубік можна набыць за BYN 10–15. Каб былі вынікі на спаборніцтвах, трэба браць даражэйшыя кубікі, звычайна яны каштуюць BYN 60–100. Яны толькі на выгляд падаюцца аднолькавымі, а ўнутры можа быць розная змазка, розныя спружыны стаяць. Там, дзе вынік залежыць ад мілісекундаў, якасць кубіка несумнеўна грае вялікую ролю.

Андрэй Музараў стварыў сабе кубік-каляндар. Фота «Белсат»

Алгарытмы збірання кубіка вывучаў праз інтэрнэт

13-гадовы Данііл з Магілёва расказвае, як пачалося ягонае захапленне спідк’юбінгам: «Кубік Рубіка ўпершыню ўбачыў, калі ляжаў у больніцы. Папрасіў бацькоў, каб набылі мне такі ж самы. Пачаў займацца, і пачало атрымлівацца. Цяпер я збіраю кубікі 3×3, 2×2 і пірамідкі. Каб навучыцца збіраць кубік Рубіка, трэба ведаць алгарытмы. Я пра іх даведаўся ў інтэрнэце».

Данііл і Данііл – сябры, абодва захапляюцца спідк’юбінгам. Фота «Белсат»

Вынік Данііла ўдома пакуль што складае 47 секундаў для кубіка 3×3. Пры гэтым рэкорд па Беларусі трымаецца каля 6 секундаў. Бабуля Данііла Наталля Міхайлаўна адзначае станоўчы ўплыў спідк’юбінгу на свайго ўнука. «Ён стаў вельмі сабраным, ад гэтага з’явіліся поспехі ў цэлым у навучанні. Рэкамендую ўсім дзецям», – кажа бабуля Данііла.

Амаль кожны другі ўдзельнік запісваў на відэа, як ён збірае кубік Рубіка. Фота «Белсат»

Другі Данііл, якому 16 гадоў, сцвярджае, што кубік Рубіка дапамагае яму ў барацьбе са стрэсам: «Я стаў сябе лепей адчуваць. Сядзіш, збіраеш кубік і забываеш пра ўсе свае абавязкі». Бацькі Данііла таксама задаволеныя захапленнем сына, маўляў, будзе карысным у жыцці.

Самая малодшая ўдзельніца чэмпіянату ў Магілёве 6-гадовая Віка. Фота «Белсат»

Самай малодшай удзельніцай спаборніцтву па спідк’юбінгу ў Магілёве была 6-гадовая Віка. Яе прывяла сюды маці Валянціна: «Як маці я разумею, што спідк’юбінг для Вікі – гэта развіццё. Развіццё памяці, увагі, канцэнтрацыі. Але сама Віка ўспрымае спідк’юбінг выключна як гульню. Дома мы на хуткасць кубік ніколі не збіралі. Мы ўвогуле не прымушалі дзіцё гэтым займацца. Віцы проста падабаецца збіраць кубік. Таму мы вырашылі, што ёй будзе карысна ўзяць удзел у такіх спаборніцтвах. Усё ж такі гэта афіцыйна, і для Вікі – першы раз у жыцці».

Самыя малодшыя ўдзельнікі чэмпіянату прыйшлі з бацькамі. Фота «Белсат»

Зразумела, адкуль у Вікі любоў да кубіка Рубіка. Яе бацька Андрэй вядзе гурток па збіранні кубікаў, але не на хуткасць, а на пэўны ўзор. Андрэй разбірае карцінку на пікселі і дае дзецям заданне паўтарыць пэўнае спалучэнне колераў. Калі ніхто з групы не памыліцца, то ў выніку складзецца цэласная карціна.

Класіка жанру – кубікі 3х3. Фота «Белсат»

Вольга Васільева, фота аўтаркі belsat.eu

Стужка навінаў