63 тысячы чалавек прыйшлі на другі мітынг Святланы Ціханоўскай у Менску. ФОТА, ВІДЭА


Кандыдатка на прэзідэнта 30 ліпеня зладзіла вялікі мітынг у парку Дружбы Народаў.

Святлана Ціханоўская на мітынгу ў Менску 30 ліпеня.
Фота: «Белсат»

Сёння, 30 ліпеня а 18-ай гадзіне, Святлана Ціханоўская зладзіла другі агітацыйны мітынг у Менску. Сёння на сцэне выступалі Litesound, Лера Яскевіч, Alexander Kiss. Са сцэны прамовілі дзяўчына затрыманага Эдуарда Бабарыкі Аляксандра Зверава, таксама жонка палітзняволенага Паўла Севярынца Вольга. Паводле звестак праваабаронцаў, агулам мітынг наведала 63 тысячы чалавек. Гэта найбольш масавае мерапрыемства ў Менску за 10 год.

«Белсат» ладзіць адмысловае ўключэнне. Далучайцеся!

22:00. Наведнікі пачалі разыходзіцца. Паводле звестак відавочцаў, аўтазакі каля парку Дружбы Народаў, дзе праходзіўся мітынг, таксама пачалі раз’язджацца.

Фота: Belsat.eu
Сімвалы аб’яднанага штабу.
Фота: «Белсат»

21:30. Выступае прадстаўнік ініцыятывы «Сумленныя людзі» Алесь Залеўскі. Ён са сцэны кажа пра платформу «Голас» і заклікае фатаграфаваць 9 жніўня бюлетэнь з абодвух бакоў і дасылаць на сэрвіс.

Напрыканцы людзі запалілі ліхтарыкі.
Фота: «Белсат»

https://www.facebook.com/BELSAT.TV/posts/3923316391028755

21:20. Пасля прамовы Веранікі пачалі спяваць песню «Стены рухнут». Па песні людзі пачалі пакрысе разыходзіцца. Наведнікі апісваюць абстаноўку як «спакойную».

21:03. Прамова Веранікі Цапкала. Яна пачынае з гісторыі пра сваю матулю, ёй нават цяжка стрымаць слёзы. Нягледзячы на паспяховую кар’еру яна заўсёды знаходзіла час на сваіх дачок. Прыгадвае, што яна працавала разам з Лукашэнкам.

Вераніка Цапкала падчас сваёй прамовы.
Фота: Таня Капітонава / belsat.eu

Калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, матулю Веранікі Цапкалы на той момант хвораю на анкалогію, арыштавалі наўпрост у лякарні.

«Калі мяне пасля доўгіх угавораў пусцілі да матулі, я пабачыла, як яна ляжыць на падлозе, прыкаваная да батарэі, той рукою, якую ёй прапалілі хіміятэрапіі. Вось тады я пабачыла сапраўдны твар гэтай улады. Палова маёй душы памерла тады назаўсёды. Праз 20 гадоў я бачу гэтую карціну: мая хворая матуля ляжыць прыкаваная да батарэі. Як так можна ставіцца да свайго народу?», — гаворыць са сцэны Вераніка.

Вераніка прыгадвае, што ейных доўгачаканых дзяцей, Лукашэнка называе «мёртванароджанымі».

«Аніякай павагі, хамства, хамства! Мы стаміліся ад гэтага».

Вераніцы Цапкале стала блага падчас прамовы. Аднак яна працягнула выступ. Прыгадала пра ціск на ейных дзяцей, праз які яна была вымушаная звесці сваіх дзяцей за межы Беларусі.

«Мы хочам пераменаў!», – ледзь не крычыць яна.

Яна прыгадала, як падчас пікету да яе падыйшла жанчына і папрасіла зрабіць так, каб з Беларусі не трэба было з’язджаць.

«Сто год таму Янка Купала сфармуляваў беларускую мару – «людзьмі звацца». Аднак дзейная ўлада заве нас «народцам», «народзішкам», – прыгадвае яна.

Фота: Belsat.eu

Яна звяртаецца да Лукашэнкі і кажа, што за 26 год ён не здолеў зрабіць так, каб людзі жылі лепей. Каб перамены наступілі, яны заклікае ўсіх прыйсці 9 жніўня на выбары і прагаласаваць за Святлану Ціханоўскую. Не трэба галасаваць датэрмінова. І варта запісацца назіральнікам на выбары.

20:41. Валанцёры «Вясны» кажуць, што на мітынгу сабралася 34 тысячы чалавек.

Фота: Таццяна Капітонава / «Белсат»

20:35. Пачала выступаць Марыя Калеснікава, прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі.

«Прывітанне, мой любы Менск!», – пачала сваю прамову па-беларуску Марыя.

Яна зазначыла, што ад пачатку прэзідэнцкай кампаніі яна не жыве для сябе, а для беларускага народу. Прызнаецца, што заўсёды марыла пра такога прэзідэнта, як Віктар Бабарыка.

Фота: «Белсат»

«Я бачу, што цярпення і руплівасці беларусаў хопіць, каб дайсці да перамогі. У нас атрымаецца. Мы здолеем!», – амаль што крычыць Калесніка.

Яна кажа, што цяперашнім беларусам дзейнай уладзе складана кіраваць. Прадстаўніца штаба Бабарыкі кажа, што людзі думалі, што нічога не зменіцца. Аднак зараз меркаванне змянілася.

«Я магу ўсё змяніць!», – крычыць Калеснікава.

Натоўп паўтарае за ёю.«Мы змяніліся, і гэта назаўсёды, – кажа яна. – Любім, можам, пераможам!».

Пра Віктара Бабарыку Марыя гаворыць, як пра чалавека, які вельмі любіць Беларусь. Прызнаецца, што калі арыштавалі Бабарыку, яна плакала.

Фота: «Белсат»

«Учора могуць арыштаваць чалавека, які хоча быць прэзідэнтам. Сёння – чалавека, які хоча за яго паручыцца. Заўтра – усіх беларусаў за тое, што яны маюць уласнае меркаванне. Няўжо гэта нармальна?».

«Не!», – чуецца ў адказ.

«Гэта не вядзе да краху свабоды, гэта прыводзіць да краху рэжыму!», – працягвае Марыя.

Яна заклікае не баяцца і браць адказнасць са сваю будучыню. Не чакаць, што на пікеты прыйдуць іншыя людзі. Яна падзякавала тых, хто здолеў супрацьстаяць сістэме.

«Мы захапляемся вашай смеласцю і шануем учынкі, – кажа Калеснікава. – «Час выціскаць з сябе рабоў. Мы разам і разам пераможам».

Прадстаўніца штабу Бабарыкі кажа, што ў рэжыма два шляхі: пайсці на рэформы або стаць паліцэйскай дзяржаваю.

«На першае ў рэжыму няма смеласці, а на другое – грошай».

20:11. Выступае Святлана Ціханоўская. Кандыдатка пачала прамову па-беларуску. Яна прыгадала, што пайшла на прэзідэнцтва дзеля свайго мужа.

Святлана Ціханоўская на мітынгу ў Менску 30 ліпеня.
Фота: «Белсат»

«Хачу сказаць, што мой муж расплюшчыў вочы людзям і даў надзею на перамены. Ён ужо два месяцы ў СІЗА. Улада мне не патрэбная, але муж за кратамі. Мне прышлося схаваць дзяцей. Я стамілася маўчаць, стамілася баяцца. А вы?», – кажа кандыдатка.

Святлана Ціханоўскае прамаўляе да дзясяткаў тысяч беларусаў на мітынгу, і да тых, хто не прыйшоў.
Фота: «Белсат»

Яна звярнулася да вайскоўцаў і міліцыі.

«Паглядзіце нам у вочы. Мы такія ж, як і вы. Народ, які хоча мірнай змены ўлады. Калі ласка, не ідзіце супраць свайго сумлення, супраць свайго народу».

Святлана кажа, што на ранішняй сустрэчы ў ЦВК ёй казалі чыноўнікі, як ім важныя лёсы людзей. Аднак ужо ў абед яна даведалася, што Сяргею Ціханоўскаму ставяць у віну супрацу з імі.

«Вы казалі, што чалавечыя жыцці і лёсы вам важныя, аднак ужо праз пару гадзінаў вы ламаеце лёсы ўсіх палітзняволеных і іхных сем’яў. Лёс усяго народу».

У адказ натоўп пачаў крычаць «Ганьба!».

Святлана эмацыйна кажа, што народ не хоча рэвалюцыі, а хоча мірных пераменаў у краіне.

«Мы стварылі моцную каманду дзеля агульнай мэты – будаваць новую Беларусь. Аднак мы не справімся без вас», — кажа Ціханоўская.

Яна заклікае прыходзіць на выбары 9 жніўня і галасаваць за яе. Калі яна стане прэзідэнтам, то абяцае вызваліць палітычных і эканамічных зняволеных. Наступны пункт – рэферэндум па вяртанні Канстытуцыі 1994 года. Кандыдатка кажа, што правядзе сумленныя выбары.

Святлана Ціханоўская на мітынгу ў Менску 30 ліпеня.
Фота: «Белсат»

«Мая галоўная мэта – правесці сумленныя выбары з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў. Я хачу, каб вы самі рашалі свой лёс. Як жонка і матуля я разумею, што адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Я хачу, каб так было ў нашай краіне. Вы гэтага хочаце?»

«Так!», – крычыць у адказ натоўп.

«Толькі разам мы можам пабудаваць краіну для жыцця!», – так скончыла свой выступ Святлана.

19:40. Паводле звестак «Вясны» на мітынгу не меней за 25 тысячаў чалавек.

19:12. На сцэне выступаюць блізкія і сваякі палітзняволеных: Вольга Севярынец (жонка Паўла Севярынца), Марына Адамовіч (жонка Мікалая Статкевіча), бацька Змітра Фурманава.

Твары пераменаў. Марына Адамовіч. Фота: «Белсат»
Твары пераменаў: жонка палітвязня Паўла Севярынца. Фота: «Белсат»
Твары пераменаў. Фота: «Белсат»

19:00. Зараз на сцэне выступаюць музыкі, абстаноўка спакойная. Некаторыя ўдзельнікі рабілі адмысловыя плакаты, каб паказаць сваё стаўленне да сітуацыі ў краіне.

Такія плакаты прынеслі з сабою ўдзельнікі мітынгу.
Фота: «Белсат»
На мітынгу прыгадваюць Пятра Маркелава, якога 29 ліпеня ўвечары скраў АМАП.
Фота: Анастасія Тагунова

18:40. Журналістка Ганна Любакова паведамляе ў сваім Twitter, што міліцыянты сказалі ёй, што на мітынгу ўжо каля 7 тысячаў чалавек.

Фота: «Белсат»

18:30. Людзей вельмі шмат. Не ўсім хапае месца на тэрыторыю мітынгу: прыходзіцца стаяць за агароджаю. Тым часам распачаўся канцэрт.

18:00. Мітынг распачаўся! Вядоўцы са сцэны просяць паставіць тэлефон у авіярэжым, каб не перагружаць сувязь. Людзі пакрысе збіраюцца.

Мітынг Святланы Ціханоўскай у Менску.
Фота: belsat.eu
Мітынг Святланы Ціханоўскай у Менску.
Фота: belsat.eu

17:55. Людзей на мітынгу няшмат. Аднак усё роўна глушаць сувязь, наведнікі адзначаюць праблемы не толькі з інтэрнэтам, але і з тэлефоннай сувяззю. Стрым «Радыё Свабода» дасяжны толькі ў не вельмі добрай якасці.

17:51. TUT.by паведамляе, што на мітынг прыехалі журналісты Белтэрадыёкампаніі, яны без мікрафонаў з лагатыпамі і іншых адметных знакаў. Журналістаў суправаджаюць супрацоўнікі ў цывільным.

17:00. За гадзіну да пачатку на месцы мітынгу сабралася каля 300 чалавек.

Праз затрыманне баевікоў на мітынгу прынятыя дадатковыя захады бяспекі. Увайсці можна толькі праз КПП, а тэрыторыя абнесеная металічнаю агароджаю. Відавочцы кажуць, што бачылі побач з месцам канцэрту аўтазакі і міліцыянтаў у форме.

Так даглядаюць людзей на мітынгу.
Фота: Аляксандр Руткевіч

Сёння Святлана Ціханоўская адмовілася ад удзелу ў тэлевізійных дэбатах. Замест гэтага яна выклікала Аляксандра Лукашэнку на плошчу Бангалор, каб узяць удзел у дэбатах онлайн адзін на адзін.

«Дэбаты, якія вы прапаноўваеце нам, – гэта фарс. Дэбаты, якія вы прапаноўваеце нам, гэта пустая трата часу беларусаў, якія будуць іх глядзець. Дэбаты, якія вы нам прапаноўваеце, – гэта падробка, як і вашыя выбары», – сказала кандыдатка на прэзідэнта.

Прэзідэнцкія выбары cёлета адбудуцца 9 жніўня.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў