СБУ: выкрытая «выбарчая піраміда», якой кіраваў дэпутат Вярхоўнай Рады


Служба бяспекі Украіны заявіла, што выкрыла «выбарчую піраміду», якой кіраваў дэпутат Вярхоўнай Рады. Структура працавала ў шэрагу рэгіёнаў Украіны і павінна была забяспечыць канкрэтнаму кандыдату перамогу на прэзідэнцкіх выбарах. Якому канкрэтна – спецслужбы не ўдакладняюць.

«Створаная арганізацыя мае сваю іерархію і размеркаванне абавязкаў. Яна складаецца з кіраўніка, а гэта адзін з народных дэпутатаў Украіны (сёння яго не называем свядома, каб не прывязваць яго ні да адной з палітычных сілаў), трох каардынатараў, адказных за розныя часткі дзяржавы, падпарадкаваных ім каардынатараў у рэгіёнах (адказваюць за 2 вобласці) і падначаленага ім нізавога звяна палевікоў», – сказаў на брыфінгу 21 лютага паведаміў намеснік кіраўніка СБУ Віктар Кананенка.

Праца «выбарчай піраміды» прадугледжвала масавы подкуп выбарцаў.

Ён дадаў, што ў сувязі з гэтым 21 лютага СБУ разам з Генеральныю пракуратурай і Дзяржаўным бюро расследаванняў у межах крымінальнай вытворчасці па прыкметах стварэння злачыннай арганізацыі праводзіць больш за 30 ператрусаў па ўсёй краіне. Віктар Кананенка заявіў, што ў выніку ператрусаў праваахоўнікі канфіскавалі дзясяткі тысяч долараў, распіскі аб выплаце сродкаў і іншыя дакументы.

Паводле СБУ, у злачынную арганізацыю ўваходзяць і гуляюць асноўную ролю грамадзяне Расейскай Федэрацыі і грамадзяне Украіны, якія «доўгі час супрацоўнічаюць з расейскімі структурамі».

Раней медыі паведамлялі, што праваахоўныя органы Украіны ў Запарожскай вобласці праводзяць ператрусы ў актывістаў перадвыбарчага штабу кандыдаткі на прэзідэнцтва Юліі Цімашэнкі. Давераная асоба Цімашэнкі Віталь Рабцаў абвінаваціў праваахоўныя органы ў тым, што яны абслугоўваюць інтарэсы Пятра Парашэнкі.

ІІ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў