Спазмы цягліц і слабасць: галадоўка ў Калінкавічах і Пухавічах працягваецца


Па стане на 30 красавіка ў галадоўцы бяруць удзел 14 жанчын (7 у Калінкавічах і 7 у Пухавічах), чые сваякі адбываюць пакаранне за ўжыванне наркатычных сродкаў (артыкул 328 Крымінальнага кодэксу).

«Сёння да нас далучылася яшчэ адна маці з Жыткавіч. Пакуль мы сябе добра адчуваем. Праўда, ёсць слабасць і спазмы цягліц. Учора старшыня мясцовага савету дэпутатаў Віктар Замосцік прыехаў да нас з медыкамі. Нам праверылі ціск і пажадалі выйсці адсюль здаровымі», – распавядае Таццяна Канеўская з Гомля (удзельніца галадоўкі ў Калінкавічах).

Нагадаем, што 27 красавіка ўдзельніцы руху «Маці 328» распачалі бестэрміновую галадоўку, дамагаючыся змякчэння пакарання па крымінальным артыкуле 328.

2 траўня 7 удзельніц галадоўкі з Калінкавічаў паедуць на сустрэчу ў Адміністрацыю прэзідэнта пры ўмове, што на ёй будуць прысутнічаць чыноўнікі, якія на думку галадоўніц, могуць дапамагчы ім «скончыць шаленства» з турэмнымі тэрмінамі па артыкуле 328.

Напачатку красавіка менскія актывісты зладзілі акцыю за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў. Тады на менскую плошчу Леніна выйшла 14 чалавек з патрабаваннем адмены пакарання за ўжыванне лёгкіх наркотыкаў. Некаторых удзельнікаў акцыі аштрафавалі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў