Справа па ДТЗ, у якім загінуў пасажыр Uber, перададзена ў суд


Менскі Следчы камітэт завяршыў следства крымінальнай справы ў дачыненні 31-гадовага кіроўцы аўтамабіля «МАЗ», які здзейсніў ДТЗ. У няшчасным выпадку адзін мужчына загінуў, другі атрымаў цяжкія траўмы.

30 лістапада 2017 года аўтамабіль «МАЗ» здзейсніў наезд аўтамабіль «Dacia», які стаяў на МКАДзе з уключанай аварыйнай сігналізацыяй. У выніку сутыкнення «Dacia» пасунулася наперад і здзейсніла наезд на мікрааўтобус «Peugeot». Пасля сутыкнення «МАЗ» і «Dacia» загарэліся. Следства высветліла, што гэта адбылося праз узгаранне пароў бензіну.

Фота: sk.gov.by

Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памёр 39-гадовы пасажыр аўтамабіля «Dacia». У мікрааўтобусе цяжкія траўмы атрымаў 40-гадовы пасажыр.

Следчыя кажуць, што кіроўца «МАЗу» мог перадухіліць ДТЗ.

«Следства высветліла, што асноўнай прычынай здзяйснення ДТЗ сталася асабістая няўважлівасць і недысцыплінаванасць абвінавачанага, якая выказалася, у тым ліку, у выкарыстанні сродкаў мабільнай тэлефоннай сувязі пры кіраванні буйнагабарытным транспартным сродкам, што адцягвала ад належнага ўспрымання і кантролю дарожнага становішча і не дазваляла своечасова рэагаваць на яго змены, нягледзячы на ​​наяўнасць гарнітуры», – паведамляе Следчы камітэт.

Пракурор накіраваў крымінальную справу ў суд.

ГА, belsat.eu

 

Стужка навінаў