Спартоўцы патрабуюць спыніць гвалт і правесці вольныя выбары. На іх ціснуць


Беларускі фонд спартовай салідарнасці заявіў пра ціск на тых спартоўцаў, якія падпісаліся пад адкрытым лістом да ўладаў з патрабаваннем спыніць гвалт і правесці ў краіне новыя вольныя выбары. Ліст быў апублікаваны ў сярэдзіне жніўня, выкладзеныя ў ім патрабаванні падтрымалі амаль 500 чалавек.

«Зараз пра ціск нам паведамілі больш за дзясятак спартоўцаў з розных відаў, – распавёў «Белсату» суразмоўца з Беларускага фонду спартовай салідарнасці. – Гэта вусны загад з Міністэрства спорту для трэнераў – каб тыя прымушалі сваіх падначаленых адклікаць подпіс».

Размова VoxPopuli
Чэмпіёнка свету: Уся сістэма не працуе, калі нельга дамагчыся справядлівасці
2020.08.04 22:20

Паводле прадстаўніка фонду, пакуль ніводзін з падпісантаў ад сваёй пазіцыі не адмовіўся. І гэта нягледзячы на пагрозы выключаць іх са спісаў нацыянальных зборных, адхіляць ад спаборніцтваў (у тым ліку некаторых – ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях) і звальняць з пасадаў.

У выпадку ўзмацнення ціску з боку Міністэрства спорту, фонд, паводле нашага суразмоўцы, будзе аказваць усім ахвотным юрыдычную, псіхалагічную і матэрыяльную падтрымку.

«Наш фонд цалкам сфармаваны за кошт падтрымкі з боку фізічных асобаў. Дапамагаюць розныя людзі – як унутры Беларусі, гэтак і суайчыннікі з замежжа», – паведамляе наш суразмоўцы. І дадае, што зараз распрацоўваецца сумесны з еўрапейскімі ўстановамі план дапамогі «апальным» спартоўцам.

У Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы прыехалі прадстаўнікі Мінспорту. 27 жніўня.
Фота: Дзяніс Ганчарэнка / Belsat.eu
У Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы прыехалі прадстаўнікі Мінспорту. 27 жніўня.
Фота: Дзяніс Ганчарэнка / Belsat.eu

У фондзе спартовай салідарнасці збіраюцца фіксаваць усе выпадкі ціску на атлетаў з-за іх грамадзянскай пазіцыі і накіроўваць адпаведныя звароты ў міжнародныя структуры, у тым ліку ў Міжнародны і Еўрапейскі алімпійскія камітэты.

«Санкцыі з боку гэтых структураў могуць быць рознымі. Магчыма нават прыпыненне сяброўства Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі ў МАК. Таксама нашай краіне будуць адмаўляць у правядзенні буйных спартовых форумаў», – дадае прадстаўнік фонду.

У Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы прыехалі прадстаўнікі Мінспорту. 27 жніўня.
Фота: Дзяніс Ганчарэнка / Belsat.eu

Яшчэ адзін накірунак працы гэтай ініцыятывы – заахвочванне спартоўцаў з іншых краінаў да выказвання сваёй салідарнасці з беларускімі калегамі. Пакуль падтрымку беларусам выказвалі толькі польскія атлеты, якія запісалі адпаведны відэаролік. У фондзе спадзяюцца на пашырэнне геаграфіі спартовай салідарнасці і плануюць гэтаму спрыяць.

Нагадаем, пад хвалю рэпрэсіяў з боку Міністэрства спорту за апошні месяц трапілі кіраўнікі Рэспубліканскіх цэнтраў падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы Генадзь Тапуноў і па фрыстайле Вадзім Крывашэеў. Іх звольнілі. Прычынай, верагодна, стала актыўная крытыка ўладаў з боку лёгкаатлетаў і фрыстайлістаў. Дзіцячаму гуртку плавання Аляксандры Герасімені пасля яе смелых выказванняў не падоўжылі кантракт на арэнду басейна ў адной са сталічных школаў. А трэнер брамнікаў берасцейскага «Дынама» Васіль Хамутоўскі (які ў мінулым сам абараняў браму нацыянальнай футбольнай зборнай) быў звольнены з клубу неўзабаве пасля таго, як выказаў падтрымку пратэстоўцам. Літаральна ўчора, 9 верасня, з пасады прэсавага сакратара Міністэрства спорту звольніўся Уладзімір Несцяровіч.

Дзяніс Ганчарэнка Belsat.eu

Стужка навінаў