Спальваць ЗВР доўга не атрымаецца. Куды пойдзе расейскі крэдыт?

Палітычны крызіс у Беларусі пацягнуў за сабой і эканамічны. Толькі за жнівень 2020 года золатавалютныя рэзервы краіны скараціліся на $ 1,4 млрд, або прыкладна на 16 %, амаль дасягнуўшы мяжы, усталяванай уладамі на канец года.

14 верасня ў Сочы Аляксандр Лукашэнка дамовіўся з Уладзімірам Пуціным пра вылучэнне Беларусі чарговага крэдыту ў памеры $ 1,5 млрд. Але наколькі хопіць гэтых сродкаў і ці дапамогуць яны ўтрымаць эканамічную сітуацыю ў краіне? Пра гэта мы распыталі эканамістаў.

Не адзін крэдыт, а тры

Міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў распавёў, што Расея плануе даць Беларусі крэдыт у $ 500 млн сёлета і яшчэ адзін такі ж крэдыт ў 2021 годзе. Акрамя гэтага Расея ініцыюе вылучэнне Беларусі валютнага крэдыту на $ 500 млн праз Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) у бягучым годзе.

Такім чынам, да канца 2020 года Беларусь атрымае толькі $ 1 млрд, а яшчэ $ 500 млн – у наступным годзе, перадае РБК.

Паводле міністра, крэдыт ад ЕФСР будзе намінаваны ў доларах, а сродкі ад Расеі паступяць у рублях.

«Тэрмінаў і ставак назваць нельга». Менск і Масква абмяркоўваюць умовы крэдыту на $ 1,5 млрд

Канкрэтны тэрмін крэдытаў для Беларусі міністр не назваў, але «раней даўжыня крэдытаў у сярэднім складала дзесяць гадоў, і Расея будзе кіравацца гэтымі тэрмінамі».

Пры гэтым Беларусі ставіцца ўмова: не дапускаць пратэрміновак па двухбаковых абавязках, а таксама па абавязквах перад расейскімі кампаніямі з дзяржаўным удзелам. Пра саступкі з боку Менску Сілуанаў не паведаміў.

Між тым Аляксандр Лукашэнка 16 верасня заявіў, што расейскі крэдыт на $ 1,5 млрд часткова пойдзе на рэфінансаванне доўгу Беларусі.

«Павінен вам сказаць, што гэта было маё патрабаванне. І прэм’ер, і міністр фінансаў мне прапанавалі выплаціць гэты крэдыт – сёлета мы мільярд павінны былі ім па старым нашым абавязку вярнуць», – сказаў ён.

Крэдыту ўжо няма

Аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандар Муха распавёў belsat.eu, што з улікам такога маштабнага адтоку валютных дэпазітаў з банкаўскага сектару ў жніўні і ў верасні і з улікам даволі напружанага графіку плацяжоў за валютны доўг Беларусі, расейскія крэдыты – гэта не такія ўжо і вялікія грошы, і яны могуць дастаткова хутка скончыцца.

У сваю чаргу кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук мяркуе, што Беларусь атрымае расейскі крэдыт недзе напрыканцы верасня. Але, на ягоную думку, крэдыту ўжо няма, бо ён пойдзе на аплату запазычанасці перад «Газпромам» і перад урадам Расеі.

«Гэта крыху зменшыць ціск на беларускі бюджэт і на Нацыянальны банк з пункту гледжання аплаты вонкавай запазычанасці. Але калі мы паглядзім, колькі грошай трэба – тут і дэфіцыт бюджэту, і падзенне эканомікі, і фінансавы стан дзяржаўных прадпрыемстваў – то гэты крэдыт мае больш псіхалагічны характар, каб не дапусціць адток капіталу з банкаўскай сістэмы. Калі б гэтага не было, то ціск на Нацбанк значна б павялічыўся. І справіцца з гэтымі тэндэнцыямі без рашучых рухаў па абмежаванні аперацыяў было б вельмі складана», – заявіў ён.

Беларусь мае выплаціць амаль $ 20 млрд

Паводле звестак Міністэрства фінансаў Беларусі, графік плацяжоў па дзяржаўнай запазычанасці Беларусі станам на 31 сакавіка 2020 года выглядае наступным чынам:

2020 г. – $ 3,421 млрд;

2021 г. – $ 3,235 млрд;

2022 г. – $ 3,565 млрд;

2023 г. – $ 3,843 млрд;

2024 г. – $ 3,061 млрд;

2025 г. – $ 2,645 млрд.

То бок, да канца 2025 года Беларусь мае выплаціць $ 19,77 млрд.

Як адзначыў Аляксандр Муха, у бягучай сітуацыі доступ Беларусі да міжнародных фінансавых рынкаў і крэдытаў міжнародных фінансавых арганізацыяў прыкметна ўскладніўся. Існуе рызыка, што Расея можа стаць адзіным замежным крэдыторам Беларусі, праз што крэдытная залежнасць ад РФ і падкантрольнага ёй Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця можа істотна ўзмацніцца. Менск і так вінны ім ужо больш як $ 10 млрд. І гэта без уліку новага крэдыту.

Рэзерваў вельмі мала

Аляксандр Муха адзначыў, што скарачаецца перадусім найбольш ліквідная частка ЗВР – рэзервы ў замежнай валюце. Яны знізіліся на 1 верасня да $ 3,21 млрд. Эксперт нагадаў, што на 1 снежня 2014 года, калі ў Беларусі здарыўся чарговы валютны крызіс, рэзервовыя актывы ў замежнай валюце складалі $ 3,712 млрд. Пры гэтым за апошнія гады істотна вырас дзяржаўны доўг у замежнай валюце. Таму суадносіны валютных рэзерваў да валютнай дзяржаўнай запазычанасці пагоршыліся.

«Гэта ўсё сведчыць, што бягучы ўзровень актываў у замежнай валюце з’яўляецца вельмі нізкім і недастатковым», – заявіў эканаміст.

На яго думку, расейскія крэдыты акажуць падтрыманне ЗВР і дадуць пэўную перадышку толькі пры ўмове, што паступяць у найбліжэйшыя часы, а кансультацыі паміж міністэрствамі фінансаў Беларусі ды Расеі не зацягнуцца.

Чвэрць беларускіх прадпрыемстваў – банкруты

Аляксандр Муха нагадаў, што дастаткова моцна выраслі не толькі абавязкі дзяржавы, але і дзяржаўных арганізацыяў і банкаў, якія таксама маюць пэўны дэфіцыт валютнай ліквіднасці. Таму, мяркуе ён, дзяржава будзе вымушаная аказваць пэўнае падтрыманне і ім.

Як заявіў Яраслаў Раманчук, чвэрць беларускіх прадпрыемстваў ужо «ляжыць на лапатках, яны банкруты». Паводле яго, ва ўмовах адсутнасці прыватызацыі і магчымасці атрымання інвестыцыяў з замежжа, у кастрычніку яны могуць пачаць патрабаваць грошы з бюджэту.

«І тут мы маем дылему: або ўрад пойдзе на пагаршэнне макраэканамічнай сітуацыі, павелічэнне інфляцыі і паглыбленне дэвальвацыі, або пачне нейкія структурныя рэформы, пачне банкрутаваць прадпрыемствы, бо выжываць у такім стане яны не змогуць. Але што зробіць урад, цяжка сказаць, бо ён, на жаль, не карыстаецца логікай эканамічнага кіравання, але кіруецца нейкімі палітычнымі думкамі», – заявіў Раманчук.

Паводле яго, па выніках году дэфіцыт бюджэту органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі можа скласці каля Br 7 млрд.

Вуснамі Пяскова нічога не сказана. Хаця сёе-тое праяснілася

«І тут пытанне, хто і як яго будзе фінансаваць. Калі фінансаванне будзе за кошт нейкіх эмісійных сродкаў, то тады або недзе напрыканцы гэтага году, або ў наступным годзе нас чакаюць яшчэ паглыбленне дэвальвацыі. Калі атрымаецца ўзяць крэдыты ў расейскіх банкаў пад заклад актываў, то можна будзе без негатыўнага ўплыву дэвальвацыі пражыць. Але калі будзе пагаршацца становішча расейскай эканомікі і расейскага рубля, то нам таксама дэвальвацыя гарантаваная», – падкрэсліў Раманчук.

На яго думку, падзенне ВУП сёлета будзе супастаўнае з аналагічным у Расеі. А паводле апошняй ацэнкі Арганізацыі эканамічнай супрацы і развіцця, эканоміка Расеі сёлета ўпадзе на 7 % (беларускія ўлады прагназавалі рост на 2020 год).

Агулам, адзначыў кіраўнік цэнтру Мізэса, «пагаршэнне крызісу нам гарантаванае пры пагаршэнні макраэканамічнай сітуацыі разам з падзеннем сацыяльных стандартаў жыцця беларусаў».

Амаль тры рублі за долар

Чакаюць эксперты і далейшага падзення курсу беларускага рубля. Аляксандр Муха адзначыў, што ў жніўні ўлады падтрымалі валютны курс за кошт «спальвання» валютных рэзерваў, але «гэты працэс таксама не бясконцы». Зараз, на яго думку, ЗВР будуць больш прызначаныя для пагашэння і абслугоўвання валютных абавязкаў дзяржавы.

«Калі надалей так спальваць істотныя аб’ёмы ЗВР для падтрымання абменнага курсу, то ўрад Беларусі можа сутыкнуцца з пэўнымі цяжкасцямі пры выкананні сваіх валютных абавязкаў», – заявіў ён.

Разам з тым, на яго думку, уладам давядзецца абіраць паміж дзвюх ліхаў. Бо калі Нацбанк зменшыць умяшальніцтва на валютнай біржы, гэта можа паскорыць дэвальвацыю курсу беларускага рубля, а калі спыніць, дэвальвацыя рубля можа скласці прынамсі 10 % адносна дзейных паказнікаў – каля Br 2,85 за $ 1.

«Відавочна, гэта можа пацягнуць падаражэнне імпарту, павышэнне інфляцыі і рост дэвальвацыйных чаканняў, справакаваўшы попыт на замежную валюту, які падтрымлівае сам сябе», – падкрэсліў эксперт.

Таксама, на яго думку, шмат будзе залежыць ад таго, як моцна Нацбанк будзе абмяжоўваць наданне рублёвай ліквіднасці банкам. Калі ён будзе рабіць гэта надзвычай жорстка, то гэта можа ўдарыць ужо па банках. Зараз, адзначыў Аляксандр Муха, у банкаўскім сектары захоўваецца дэфіцыт рублёвай ліквіднасці, што можа перашкодзіць ім выконваць абавязкі перад сваімі ўкладчыкамі.

Як мяркуе Яраслаў Раманчук, інфляцыя па выніках года можа скласці ад 7 % да 9 % (афіцыйны прагноз – да 5 %). А курс беларускага рубля да долара з улікам другой хвалі каронавіруса і пры адсутнасці новых крыніц для росту эканомікі можа перавысіць напрыканцы года Br 2,9.

Эканоміка залежыць ад палітыкі

Аляксандр Муха падкрэсліў, што дагэтуль застаецца не вырашанай першапрычына праблемаў на валютным рынку і ў банкаўскім рынку.

«А першапрычына – гэта востры палітычны крызіс і сур’ёзная палітычная нявызначанасць у краіне, якая ўзнікла на гэтым фоне. У бягучым годзе можна чакаць такіх негатыўных тэндэнцыяў, як адток сродкаў з банкаўскага сектару, канвертацыя рублёвых дэпазітаў у валютныя ўклады і пагаршэнне тэрміновай структуры ўкладаў – вельмі моцна знізіцца прыхільнасць да неадклікаемых укладаў», – адзначыў эксперт.

На яго думку, абвастрэнне крызісу ў палітычнай сферы можа яшчэ больш негатыўна паўплываць на банкаўскую сістэму.

Максім Гацак belsat.eu

Hавiны