Спалохаліся лозунгу «Баста калгаснай дыктатуры!». Актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» здымаюць з выбараў


Выбарчыя камісіі знялі з выбараў ужо чатырох кандыдатаў кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Але кандыдаты накіравалі скаргі ў Менскую гарадскую камісію, распавёў «Белсату» каардынатар грамадзянскай кампаніі Яўген Афнагель.

Агулам выбарчыя камісіі зарэгістравалі ад кампаніі «Еўрапейская Беларусь» 14 асобаў. Але існуе перасцярога, што многія будуць знятыя з выбараў.

«Камісіі знялі чатырох нашых актывістаў. Гэта Аксана Юшкевіч (Менская-Чкалаўская выбарчая акруга № 96), Павал Юхневіч (Менская-Пушкінская выбарчая акруга №103), Вольга Нікалайчык (Менская-Уруцкая акруга №107), Арцём Чарняк (Менская-Партызанская акруга №110). Многія іншыя ўжо атрымалі па адным папярэджанні. І цалкам верагодна, што яны будуць знятыя», – распавёў «Белсату» Яўген Афнагель.

Пікет актывістаў «Еўрапейскай Беларусі».
Фота: belsat.eu

Падставай для зняцця кандыдатаў з’яўляюцца выкарыстанне кандыдатамі «матэрыялаў, якія не маюць дачынення да палітычнай кампаніі». Пасля некалькіх папярэджанняў кандыдатаў проста пазбаўляюць рэгістрацыі.

«Мы бачым, што ўлады спалохаліся лозунгу «Баста калгаснай дыктатуры!». Палова папярэджанняў былі менавіта праз гэты лозунг. А астатняе – проста дробныя прыдзіркі», – адзначае Яўген Афнагель.

Фота
Сустрэча з кандыдатам на дэпутацтва на магіле Віктара Каліноўскага. Паўстанцкі фэст прайшоў у Свіслачы
2019.10.27 17:59

Але нягледзячы на пазбаўленне рэгістрацыі, актывісты кампаніі працягваюць свае пікеты.

«Паводле выбарчага кодэксу кандыдаты маюць права працягваць агітацыйную кампанію, калі яны накіравалі скаргі ў камісію вышэйшай інстанцыі. У Менску гэта гарадская камісія. Усе чацвёра кандыдатаў, якія былі знятыя акруговымі камісіямі, сёння абскардзілі гэтае рашэнне ў гарадскую камісію. Таму пікеты ладзіліся ўчора, сёння і будуць ладзіцца заўтра» – дадаў Яўген Афнагель.

Агітацыйная кампанія распачалася з 17 кастрычніка, адразу пасля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Працягнецца гэты этап да самых выбараў.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 17 лістапада.

Аб’ектыў
«Пакуль кіруе Ярмошына, выбараў не будзе»
2019.10.26 20:24

СК belsat.eu

Стужка навінаў