Спадары ілюстратары

Галоўнае – каб карцінка выглядала пераканаўча.

– Што, «джып», які прарваўся праз украінскую мяжу і згубіўся на тэрыторыі суверэннай Беларусі яшчэ ў 2017 годзе, знайшлі?

– Не. Ён патануў разам з пацуком генерала Сухарэнкі і металічнымі загваздкамі палкоўніка Макея ў трубах беларускага водаканалу. Недзе там цяпер, напэўна…

Ёсць такая прафесія – апраўдваць глупствы, сказаныя кіраўніком дзяржавы. Раней гэтым займаліся прэс-сакратары (яшчэ я памятаю тыя часы). Цяпер – мяркуючы па почырку – спецслужбы. Магчыма, тройка генералаў КДБ: Вакульчык, Сяргеенка, Тэф… Ой, Церцель.

Яны ж не могуць заткнуць рот Аляксандру Лукашэнку, каб ён ад глупстваў устрымліваўся. Такім чынам, павінны ілюстраваць найбольш адыёзныя яго выказванні адпаведнай «карцінкай». У 2017 годзе гэта быў прарыў дзяржаўнай мяжы Беларусі «джыпам», у якім нібыта везлі нам зброю з Данбасу. У 2020 годзе – гэта прыватная ваенная кампанія, якая нібыта даслала нам баевікоў.

Генадзь Давыдзька, скрыншот tvr.by

Чым не сюжэт для фільма? Зноў-такі, Генадзь Давыдзька ўспомніць акторскую маладосць і згуляе князя Вітаўта, які адлюстроўвае ўдары маскалёў. Ці – не маскалёў? У нас зноў змянілася парадыгма, мы вярнуліся да рыторыкі 2014 года, і фальшыўкі для нас вырабляюцца выключна ў Варшаве і Вільні?

Увогуле, сябры, хутка нам пакажуць карцінку, на якой фраў А. і фрэкен Б. будуць сядзець на газавай трубе і абмяркоўваць планы захопу суверэннай да сініх вачэй Беларусі. А потым усё гэта пакажуць як ілюстрацыю да трызнення кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі падчас штогадовага паслання кіраўніка дзяржавы парламенту і народу.

Магчыма, карцінка кагосьці ў чымсьці пераканае. Але кніга з крымінальнай справай па выніку ў свет усе ж такі не выйдзе. Хутчэй за ўсё.

На першым плане – Валер Вакульчык.

Але я, на ўсялякі выпадак, ўяўляю яе вокладку з яркай назвай: «ПВК Моцарта. Як віхуры варожыя спрабавалі нахіліць прэзідэнта Беларусі і паставіць яго на калені, нягледзячы на ​​інфікаванасць каронавірусам і падзеннем коштаў на нафту».

Аўтарам будзе генерал Вакульчык.

Рэдактарам будзе генерал Сяргеенка.

Карэктаваць будзе генерал Тэф… Ой, Церцель.

Аляксандр Чарвякоў, Аляксандр Лукашэнка, Ігар Сергяенка і Дзмітрый Круты. Фота http://president.gov.by/

Кніжка будзе з малюнкамі для дзяцей, якія ўвайшлі ў электаральны ўзрост.

На мультымедыйным дыску будуць з… жаныя ў КДБ відэазапісы, якія даказваюць, што ўсё апісанае не прыснілася генералам у кашмарным сне, а было насамрэч.

Замест эпіграфа будзе цытата з класіка: «Дзяржсакратар правільна сказаў, што ўсякія войны цяпер пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацыяў, потым майданы

На майдан, калі сваіх няма (у нас замала «майданутых»), іх падцягнуць з боку. Гэта прафесійныя вайскоўцы, бандыты, якія спецыяльна рыхтуюцца, у асноўным у рамках ПВК па ўсім свеце, і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах».

Подпіс – Аляксандр Лукашэнка.

Дата – за два дні да каронавіруса і за тры дні да злову 32 байцоў нябачнага фронту.

Следства будзе доўгім.

Суда не будзе.

Закладнікаў абмяняюць на скрыню гарэлкі, мяшок бульбы і свінню.

Праз тры месяцы ўсім будзе не да ўспамінаў пра кніжку з малюнкамі. У краіны будуць зусім іншыя праблемы.

/НЯ

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў