Спадабацца захаду і ўсходу. За каго галасуюць у розных рэгіёнах Украіны? ІНФАГРАФІКА


Насычаная электаральная кампанія ва Украіне набліжаецца да кульмінацыі – другі тур выбараў адбудзецца ўжо 21 красавіка. Паводле апошняга апытання Кіеўскага міжнароднага сацыялагічнага інстытуту (КМІС), за Уладзіміра Зяленскага гатовыя прагаласаваць 65 % украінцаў, Пятра Парашэнку падтрымліваюць астатнія 35 %. Belsat.eu тлумачыць, як і чаму адрозніваюцца сімпатыі выбарнікаў у рэгіёнах, за каго галасуе захад краіны, а за каго – Данбас.

З папярэдніх звестак КМІС вынікала, што калі б выбары адбыліся ў сярэдзіне красавіка, то за Зяленскага прагаласавалі б 72,2 %, а за Парашэнку – крыху больш за 25 %. Разам з тым, сацыялагічная група «Рэйтынг» 18 красавіка апублікавала справаздачу, дзе гаворыцца, што за апошнія некалькі дзён разрыў паміж кандыдатамі павялічыўся – Зяленскага падтрымліваюць ужо амаль 73 % грамадзян. Нягледзячы на даволі супярэчлівую інфармацыю, відавочна: сёння колькасная перавага на баку шоўмена.

Шэраг экспертаў адзначае: значная частка выбарнікаў Зяленскага – гэта так званыя антывыбарнікі Парашэнкі, тыя, хто з розных прычынаў выступае супраць дзейнага прэзідэнта.Таму ўкраінцы, якія ў першым туры аддалі свой голас іншым кандыдатам (напрыклад, Юліі Цімашэнцы) і ў другім па-ранейшаму маюць намер галасаваць, схіляюцца да кандыдатуры Зяленскага.

«Калі ўкраінцаў спыталі, чаму наагул людзі за Зяленскага галасуюць, толькі 20 % выказалі здагадку, што электарат галасуе за яго як асобу, а цэлых 66 % сказалі, што ў першую чаргу супраць існай сітуацыі», – кажа палітычны эксперт, аналітык з Кіева Аляксей Мінакоў.

Аляксей Мінакоў, фота са старонкі Facebook

Што датычыць размеркавання электаральных сімпатыяў па ўзростах, то, паводле «Рэйтынгу», Зяленскі апераджае свайго апанента ўва ўсіх катэгорыях. Праўда, дэмаграфія Нацыянальнага экзіт-полу сведчыць, што людзі старэйшага веку (60+) не гатовыя галасаваць за Зяленскага. Ён захоўвае за сабой наймалодшы і найбольш працаздольны электарат – людзей ад 18 да 40 гадоў з абласных цэнтраў і сталіцы.

Зяленскаму сімпатызуюць жыхары захаду і ўсходу Украіны. Інтэрактыўная мапа

Аляксей Мінакоў сцвярджае, што найбольш крытыкуюць Парашэнку ў паўднёвых і ўсходніх вобласцях краіны, а таксама на Данбасе. Спасылаючыся на лічбы КМІС, Мінакоў кажа:

«Самая вялікая частка антывыбарнікаў Парашэнкі – на поўдні Украіны, на ўсходзе і на Данбасе. Гэта пацвярджаюць лічбы: на поўдні Украіны да Парашэнкі ставяцца «вельмі негатыўна» і «хутчэй негатыўна» 82,5 %, на ўсходзе – 66,7 %, на Данбасе – 78 %. У Зяленскага гэты паказнік у некалькі разоў ніжэйшы».

Пры гэтым даволі высокі антырэйтынг Парашэнкі ўласцівы і для цэнтральнага рэгіёну. У асноўным незадаволенасць людзей выклікаюць такія чыннікі, як павольная хада рэформаў, недастатковая барацьба з карупцыяй і нізкі ўзровень дабрабыту. Дарэчы, сярэдні заробак ва Украіне цяпер складае 9, 2 тысячы грыўняў – каля $ 350 у эквіваленце. Паводле эксперта, прэзідэнта актыўна крытыкуюць за памылкі, зробленыя падчас першага тэрміну.

«Сяроді іншага, за абяцанне скончыць вайну, якая працягваецца. Таксама за правал у барацьбе з карупцыяй. Нягледзячы на стварэнне антыкарупцыйнай інфраструктуры, ніводзін топ-карупцыянер не сядзіць за кратамі, а судовая рэформа правалілася. Таксама людзі чакалі больш хуткіх рэформаў, якія можна адчуць на ўласных кішэнях, а адсутнасць істотнага павышэння ўзроўню жыцця не задавальняе грамадзян», – тлумачыць аналітык.

Hавiны
Пагрозы і нянавісць. Што будзе з Украінай пасля 21.04
2019.04.16 18:28

Уладзіміра Зяленскага, у сваю чаргу, апаненты крытыкуюць за недахоп досведу ў палітыцы, а таксама за сувязь з алігархам Ігарам Каламойскім і дзейны бізнес у Расеі. Апошнія два факты былі даведзеныя шматлікімі журналісцкімі расследаваннямі. Але ж антырэйтынг Зяленскага нізкі, бо ён дэ-факта яшчэ не паспеў нічога зрабіць, адзначае Мінакоў. Цікавая асаблівасць: гэтаму кандыдату сімпатызуюць адначасова жыхары захаду і ўсходу Украіны, то бок грамадзяне з рознымі (часта нават палярнымі) поглядамі. Як такое магчыма?

«Адказ ляжыць у камунікацыйнай стратэгіі штабу Зяленскі, якія пазбягаў інтэрв’ю, палітычных шоу і канкрэтных адказаў, што дазволіла электарату з розных рэгіёнаў праектаваць усе свае мары на яго. Усход думае, што ён, як расейскамоўны, будзе надаваць увагу расейскай мове і тармазіць уступленне ў НАТО, а заходняя Украіна думае з дакладнасцю наадварот», – тлумачыць эксперт.

Незалежна ад рэгіёну, украінцаў аб’ядноўвае патрабаванне знізіць тарыфы на камунальныя паслугі, хаця гэта наагул не ў кампетэнцыі прэзідэнта.

«Гэта значыць, для людзей прыярытэтныя змены ў пытаннях іх асабістага дабрабыту, а не нейкія геапалітычныя пытанні. І каманда Зяленскага тут абяцае «залатыя горы» – а менавіта, «канец эпохі беднасці», – гаворыць Аляксей Мінакоў.

***

Галасаванне на выбарчых ўчастках ва Украіне распачнецца а 8:00 раніцы 21 красавіка.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў