«Спачатку мы не паспявалі ратаваць ахвяраў каронавірусу, цяпер – гвалту сілавікоў». Медыкі – пра тое, чаму выходзяць на пратэсты


Беларускія лекары розных спецыялізацый, дактары і малодшы персанал, у розных гарадах выходзяць на акцыі супраць гвалту і ў падтрымку звольненых, затрыманых і асуджаных. «Белыя халаты» становяцца адным з рухавікоў агульнабеларускага пратэсту. Што прымушае іх не маўчаць? Ці не страшна? Пра гэта «Белсат» паразмаўляў з медыкамі.

«Што такое штрафы і содні, калі справа пра гонар і годнасць?»

Траўматолаг з Менску. У медыцыне – 5 гадоў. Дапамагае ахвярам гвалту сілавікоў з першых пратэстаў у жніўні.

– Сёлета – спачатку падчас эпідэміі каронавірусу, а асабліва пасля 9 жніўня – сістэма плюнула ў адзінае, што мелі беларускія медыкі, – у гонар і годнасць нашага белага халату. Бо што ў нас было? Ні заробкаў, ні ўдзячнасці ад пацыентаў.

Мы спадзяваліся, што б у краіне ні адбывалася, хаця б медыкаў не будуць чапаць. Падчас каронавірусу разам з народам мы здолелі сабрацца і дапамагчы адзін аднаму. Але потым лекараў пачалі затрымліваць на акцыях, калі яны аказвалі дапамогу пацярпелым. Гэта было ўжо занадта.

Мы выходзім, бо змагаемся за ўласны гонар, за гонар калег і звычайных грамадзянаў таксама. Магчыма, наш голас лепш пачуюць. Бо людзей цяпер настолькі запужалі, што яны, нават калі церпяць на мітынгах, баяцца звяртацца ў паліклінікі і больніцы – са страху, што іх адтуль забярэ міліцыя.

Медыкам у Беларусі ХXІ стагоддзя даводзіцца аказваць дапамогу літаральна падпольна. Таму афіцыйнай статыстыцы пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў верыць нельга. Насамрэч ахвяраў нашмат больш. Памнажаць можна на два, а то і на тры.

Выходзіць [на пратэсты] не страшна. Што такое штрафы і содні, калі справа пра гонар і годнасць?

Аб’ектыў
Масавыя затрыманні медыкаў
2020.10.27 22:45

Жах – тое, што робяць улады, сілавікі пасля выбараў. Мне цікава, ці разумеюць людзі, якія ўсё гэта робяць, што ім прыйдзецца адказваць? Хацелася б ім задаць гэтае пытанне. Няўжо яны спадзяюцца, што мы ўсё забудзем?

Я не разглядаю варыянт, што можа быць, калі дзейсная ўлада застанецца. Яна не можа застацца. Немагчыма кіраваць краінай, якая не падпарадкоўваецца. Страхам і сілай нічога не зробіш. Назад шляху няма.

Шмат маіх калег уязджаюць: дзяржава не пакідае ім іншага выйсця, асабліва адлічаным студэнтам. Я разумею іх. Але сам не хачу з’язджаць. Я хачу нармальнага жыцця тут, на радзіме.

Мне цяжка зразумець беларусаў. У нас людзей пазабівалі падчас пратэстаў, а мы дагэтуль сядзім і думаем: баставаць ці не, а раптам яно і так неяк скончыцца? Я заклікаю ўсіх абараняць гонар белага халату.

«Што медыкі толькі ні пабачылі… Гэта жах…»

Ірына Строганава, працуе медсястрой у Менску. У медыцыне – 20 гадоў.

– Я была на акцыі салідарнасці медыкаў з адлічанымі студэнтамі 2 лістапада. Калег затрымлівалі на маіх вачах. Я засталася на волі, бо ў бусе не хапіла месцаў. Амапаўцы прымушалі нас здымаць белыя халаты. Казалі: вы не маеце права хадзіць у белым халаце нідзе, акрамя як на працы. Але ніхто з калег не зняў, нягледзячы на пагрозы.



Затрымалі артапеда Леаніда Глазкіна, сарвалі ўсе прыёмы, запланаваныя ў яго на 3 лістапада. А там людзі з іншых гарадоў за два месяцы запісваюцца, з вельмі складанымі выпадкамі, з дзецьмі-інвалідамі. Калегі былі вымушаныя адмяніць прыёмы, і паведаміць людзям пра гэта ў апошні момант, бо доктара павезлі на Акрэсціна. Міліцыя не думае пра гэта.

Мы пачалі выходзіць, бо сёлета адбылася шмат чаго, што немагчыма трываць. Спачатку не былі прынятыя меры бяспекі, калі распачалася эпідэмія каронавірусу. Ужо тады шмат у каго расплюшчыліся вочы на палітычную сітуацыю.

А тое, што пачалося пасля выбараў… Як могуць медыкі заставацца ў баку, калі мы лечым, а сілавікі збіваюць людзей, пазбаўляюць іх здароўя і жыцця? Што медыкі толькі ні пабачылі… Гэта жах… Гэта і разрывы, прашу прабачэння, усіх адтулін, згвалтаваныя жанчыны.

Таму медыкі перасталі маўчаць.

Шмат якім калегам, якія працавалі з ахвярамі Акрэсціна, выклікалі псіхолагаў, бо яны не маглі працаваць. Мы выходзім, перш за ўсё, супраць гвалту. І я веру, што мы зможам змяніць нашую краіну.

«Паўсюль была хлусня»

Дзіцячы неўролаг, 24 гады. З сям’і медыкаў.

– Я думаю, што першым штуршком да цяперашніх пратэстаў медыкаў стала сітуацыя з каронавірусам. Усе мы бачылі, як было насамрэч, і якую статыстыку нам пры гэтым даводзяць. Паўсюль была хлусня, якая «вылезла» у вялізнай колькасці смерцяў.

Потым – гвалт пасля выбараў. Затрымлівалі нават медыкаў, якія 11 жніўня прыязджалі дапамагаць пацярпелым на пратэстах. Затрымліваюць медыкаў, што выходзяць у падтрымку студэнтаў медуніверсітэта. На Акрэсціна забіраюць нават тых лекараў, у якіх, напрыклад, былі прызначаныя аперацыі. Такім чынам сілавікі, улада ставяць пад рызыку жыццё і здароўе іншых людзей. Але я бачу, што іх гэта не хвалюе, для іх гэта не аргументы.

Страх знікае, бо разумееш, што ў такой сістэме працаваць ужо немагчыма.

Нам няпроста, бо мы не ведаем, як нам баставаць. Мы не можам проста не выйсці на працу. Асабліва я. Я працую з дзецьмі, і разумею, што дзеці ні ў чым не вінаватыя.

Адначасова гэтая злосць дае матывацыю заставацца тут і змагацца далей. Я раней думала з’ехаць. Але цяпер гэтыя думкі недзе далёка, бо я захапляюся нашымі людзьмі, а адначасова вельмі хочацца змяніць нешта на радзіме, і я глыбока веру, што ў нас атрымаецца.

«Мы хочам крычаць: хопіць знішчаць уласны народ»

Фельчарка на хуткай дапамозе ў Менску. Працуе 8 гадоў. З дзяцінства марыла працаваць менавіта на хуткай дапамозе.

– Я вельмі доўга трымалася ад палітыкі як мага далей. Але 10-11 жніўня пабачыла, як сілавікі мэтанакіравана палявалі на медыкаў, маіх калег, збівалі іх падчас аказання дапамогі пацярпелым на пратэстах, судзілі, штрафавалі, кідалі на содні.

Мяне вельмі раз’юшыла, што нейкія людзі ў форме спрабавалі ўказваць, каго лячыць, каго не, маглі спакойна забраць чалавека, якому відавочна патрэбная дапамога. Я казала – вы выклікалі мяне, цяпер я адказваю за пацыента. Але мяне выстаўлялі.

І я цяпер бачу, што людзі нават з сур’ёзнымі чэрапна-мазгавымі і іншымі траўмамі баяцца звяртацца ў лякарні, бо іх могуць забраць адтуль. Мне, як медыку, страшна на гэта глядзець.

Мы разам з калегамі зладзілі акцыю «Белы шчыт». Сэнс у тым, што мы выходзім на акцыі салідарнасці разам з пенсіянерамі, каб стаць для іх нечым кшталту шчыта. Пенсіянеры – катэгорыя, якая да нас найчасцей звяртаецца. Нас уразіла, як яны гераічна адбівалі нас ад АМАПу на адной з акцый. Пасля гэтага мы зразумелі, што гэта мы павінны быць для іх шчытом, а не яны для нас.

На акцыі выходзіць ужо не страшна. Бо мы цяпер жывем у такіх умовах, калі з аднолькавай верагоднасцю можна быць затрыманым на акцыі, ці калі проста выйдзеш у суседнюю краму.

Размова
Доктарка Лідзія Тарасенка: Масавы ад’езд медыкаў – таксама забастоўка
2020.10.27 08:35

Сёлета мы спачатку аказвалі дапамогу ахвярам ковіду, якіх магло быць менш, калі б дзяржава вяла больш разумную палітыку. Цяпер мы ратуем людзей, якіх гэтая дзяржава збівае і калечыць рукамі і дубінкамі сілавікоў. Мы стаміліся. Мы хочам крычаць, данесці да нашых уладаў: спыніцеся, хопіць знішчаць уласны народ.

Хацела б звярнуцца да сілавікоў: падумайце, што хутка тут не будзе каму лячыць вас, вашых блізкіх і сяброў. І не ўратуе вас нават тое, што ў вас ёсць свая клініка, калі ў краіне не будзе патрэбных лекараў-адмыслоўцаў.

Цяпер у нас нараджаецца грамадзянская супольнасць. Спачатку да яе падштурхнуў каронавірус. Калі б не гэтая пандэмія, не ведаю, калі б мы навучыліся дапамагаць адзін аднаму і супольна вырашаць праблемы. Не дзяржава тады дапамагла ўтрымаць сітуацыю, справіцца, а самі людзі. Да слёз кранала, калі мы прыязджалі на выклікі, а бабулькі дарылі нам маскі, якія самі шылі.

Я веру, што мы пераможам, а вінаватыя будуць пакараныя. Гвалт, зло не можа быць вечным.

«Дактароў нават на вайне не чапаюць»

Валянціна Алфёрава, 37 гадоў працуе фельчаркай на Бабруйскай станцыі хуткай дапамогі. Была затрыманая пасля мірнага мітынгу, аштрафаваная на 25 базавых.

– Найбольш у жыцці мяне злуюць хлусня і несправядлівасць. Усё гэта мы пабачылі сёлета – як падчас пандэміі каронавірусу, так асабліва пасля выбараў. Мяне шакуе скрайняя жорсткасць сілавікоў. Я не магу як медык заплюшчваць вочы на тое, як гвалцяць нявінных людзей.



У маіх калег быў выпадак. У адзін з тых першых жнівеньскіх дзён пасля выбараў падчас «хапуну» мужчыне на плошчы Леніна ў Бабруйску зламалі сцягно. Брыгада, якая адвезла яго ў лякарню, пыталася ў міліцыянта, што будзе тым, хто гэта зрабіў. Адказ быў: «Нічога». Пацярпелы сам пытаўся, са словаў калегаў, за што так з ім. Яму лаянкай адказвалі, каб заткнуўся, бо калі б было за што, увогуле б забілі.

Столькі жорсткасці… Я бачу, чытаю пра гэта, і мой мозг дагэтуль адмаўляецца ўспрымаць, верыць, што гэта адбываецца тут, з намі, што нашыя праваахоўныя органы і суддзі здольныя на такое.



Асабліва закранае гвалт у дачыненні да медыкаў. Дактароў нават на вайне не чапаюць. У нас жа не глядзяць – затрымліваюць, збіваюць, не думаюць, што гэты самы збіты і прыніжаны медык будзе потым ратаваць яго – таго, хто збівае.

Я выходзіла на акцыі салідарнасці, пратэсту і буду выходзіць. Мяне не спужалі суд, штраф, хоць ён і вельмі адчувальны для мяне: 675 рублёў – гэта мой месячны заробак.

У мінулую нядзелю я была дома, доўга сябе стрымлівала, каб нікуды не ісці, бо ведаю, што цяпер жа мясцовая міліцыя мяне «пасе». Але мая душа не вытрымала, і я пайшла на нашае звычайнае месца збору неабыякавых бабруйчан. Нас было няшмат, але я адчувала нашую салідарнасць і датычнасць да зменаў, якія цяпер адбываюцца. Мы мусім змагацца, і мы пераможам.

«Мы пабачылі той самы фашызм, супраць якога змагаліся нашыя дзяды»

Яўгенія Тачыцкая, доктарка-псіхатэрапеўтка ў Менску. У медыцыне – 15 год.

– Чаму лекары выходзяць? Спачатку штурхала пачуццё падману, шок ад скрайняга гвалту, які мы пабачылі. Спрацаваў фактар пазнавання – мы ўсе выраслі на кніжках пра Вялікую айчынную вайну, мы чыталі пра фашыстаў. І тут раптам пабачылі – гэта ж той самы фашызм, супраць якога ваявалі нашыя дзяды.

Правільна сказалі нашыя адлічаныя студэнты-медыкі ў звароце да сілавікоў: спыніцеся, мы не паспяваем лячыць людзей, якіх вы калечыце! Спачатку мы не паспявалі лячыць ахвяраў ковіду, цяпер – ахвяраў гвалту.

Медыкі былі вельмі раз’юшаныя тым, што на машынах хуткай дапамогі ездзіць АМАП. Гэта як плявок у белы халат.



І гэта ўсё было падагрэтае ковідам і тым, што яшчэ ўвесну мы зразумелі, што дзяржава нас кінула.

Чаму лекары выходзяць, чаму перасталі баяцца, у адрозненні ад настаўнікаў? Хваля падтрымкі людзей і салідарнасці ў час ковіда падняла самаацэнку лекараў, і мы зразумелі, што мы не самотныя ў барацьбе.

«Немагчыма тут жыць, як раней»

Супрацоўнік РНПЦ анкалогіі, назваць працоўны стаж адмовіўся.

– Я выходжу за тое, каб у Беларусі адбыліся перамены. На акцыях мне давялося не раз бегаць ад АМАПу, вадамётаў. Ці гэта нармальна, што лекар уцякае ад міліцыі?

Пасля выбараў, таго, што адбылося, немагчыма тут жыць, як раней, бачыць, як пад кіраўніцтвам аднаго чалавека, які сінімі пальцамі трымаецца за свой трон, абясцэньваецца чалавечае жыццё.

Мае дзядулі былі афіцэрамі, ад іх я шмат чуў, што такое афіцэрскі гонар. Дык вось, тых міліцыянтаў, вайскоўцаў, якія разганялі мірных людзей, гвалцілі іх на Акрэсціна, я не магу назваць афіцэрамі. Гэта падонкі. Жахліва, што ім далі ўсю ўладу тут, развязалі рукі. Яшчэ горш, што яны робяць гэта за грошы – вялізныя грошы, якія медыкам толькі сняцца.



У мяне за мяжой шмат калегаў, сяброў. Я адчуваю іх падтрымку, салідарнасць. Мяне клічуць на працу. Шмат хто з калегаў з’язджае. І я больш скажу, калі не будзе зменаў, праз 2-3 месяцы тут шмат каго не будзе, з’едуць лепшыя. Мне шкада пацыентаў, калі я пра гэта думаю. З-за гэтага на працу прыходжу ў дэпрэсіўным настроі. І гэта таксама ненармальна, калі так прыгнятае палітычная сітуацыя.

Сёння мы бачым беспрэцэдэнтную жорсткасць, гвалт. А з іншага боку, усе гэтыя выпрабаванні моцна кансалідуюць нас. Я ніколі не адчуваў такога патрыятызму, гонару за Беларусь, як сёння.

Праз слёзы ў вачах мы, медыкі, выходзім, бо верым у наш народ, і мы гатовыя падтрымаць і працоўных, якія страйкуюць, і студэнтаў, і ІТ-сектар – усіх беларусаў, якія змагаюцца за перамены.

А перамены будуць. І тады ні пра які ад’езд не можа быць і мовы. Я буду з патройным энтузіязмам і сіламі працаваць дзеля пабудовы новай Беларусі.

НА, Belsat.eu

Стужка навінаў