«СБ» патлумачыла, чаму затрымлівалі Вольскага: «разгарачаны песнямі натоўп» нібыта мог пайсці кідаць камяні ў шыбы


У газеце «СБ-Беларусь сегодня» выйшла чарговая калонка прапагандыста Андрэя Мукавозчыка – цяпер ён патлумачыў, чаму 25 сакавіка ў цэнтры Менску трэба было затрымаць музыкаў Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча і Паўла Аракеляна.

Мукавозчык у сваім тэксце спачатку звяртае ўвагу на тое, што некаторыя песні беларускіх музыкаў маюць нібыта правакатыўны сэнс: напрыклад, песня NRM «Мы – партызаны, лясныя браты» або BRUTTO «Хто супраць народа, пакаштуй кастэта!»

«І калі мастак-творца легендай выходзіць у пэўны дзень у цэнтр гораду з гітарай, будзьце ўпэўненыя – ён не моцна думае. Ён хоча хайпа. У яго ў футарале – пратэст. Не надта і важна, супраць чаго, – ён ёсць. У легендарнага музыкі пратэст адпаведна легендарнага памеру. У сэнсе – ну зусім ужо неабдуманы. Ім жа, затрыманым Вольскаму, Вайцюшкевічу, Варашкевічу і Аракеляну, што да іх далучыўся, – ім жа не было справы, чым зоймецца малады, няўрымслівы, разгарачаны іх песнямі натоўп пасля таго, як яны свой хайп зловяць і інструменты складуць? Кветачкі ён пойдзе нюхаць або камянямі ў шыбы кідаць – гэта ж ужо не іх клопат, праўда? А ну як правакатар у тым натоўпе, што выпадкова сабраўся (а зусім нават не імі сабраны, так?) – што тады рабіць? Клікаць міліцыю? Дык яна ўжо тут, яна – па абавязку службы – падумала загадзя. Так што вы ўжо прабачце і пройдзем. Учатырох пасядзець пару гадзінаў у РУУС, успомніць маладосць – таксама, ведаеце, прыгода. Будзе пра што пісаць. У новых песнях. Ці ўжо і ў мемуарах», – піша дзяржаўны прапагандыст.

Пасля гэтага Мукавозчык пагардліва характарызуе само свята Дня Волі: «Вы што, уласна, збіраліся адзначаць? Як сто гадоў таму купка ўтапістаў крыкнула «незалежнасць» і разбеглася, нічога не зрабіўшы?» Прапагандыст таксама папракае музыкаў, што беларускія музыкі не хочуць збірацца святкаваць 9 траўня або 3 ліпеня.

«Унутраны пратэст ёсць у кожнага чалавека. У творчага – тым больш. Карані яго, мабыць, у тым трохгадовым узросце, калі – будзеш манную кашу есці? Не манную, не кашу і не буду! Але дарослыя людзі, хацеў было напісаць і спыніўся. Бо мастакі – яны ж усё жыццё дзеці. Асабліва легендарныя. Так яно зроблена і інакш яно не працуе. Таму трэба размаўляць і тлумачыць. Як вучыць педагогіка – спакойна, па-даросламу, не падладжваючыся і без сюсюкання», – піша Мукавозчык.

Абноўлена
Музыкаў выпусцілі з РАУС. У Менску – феерверкі. Хроніка Дня Волі
2019.03.25 13:34

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў