Сопат: сацыяльнае жыллё для ўцекачоў з Беларусі


Большасцю галасоў прадстаўнікі рады Сопату ў чацвер прынялі пастанову аб змене правілаў арэнды памяшканняў, якія належаць гміне. Дзякуючы гэтаму беларусы, рэпрэсаваныя рэжымам Лукашэнкі, таксама маюць права атрымаць кватэру ў Сопаце.

Ініцыятарам зрабіць даступнымі для рэпрэсаваных беларусаў камунальнае жыллё ў пачатку кастрычніка выступіў мэр Сопату Яцэк Карноўскі.

«Прымаючы вышэйзгаданы праект, мы імкнемся выканаць маральны абавязак перад грамадзянамі Беларусі, якія церпяць рэпрэсіі і пераслед за свае мары пра свабоду і жыццё ў дэмакратычнай краіне. Палякі таксама былі ў падобнай сітуацыі падчас вайсковага стану. У той час, як народ, мы адчувалі дапамогу перадусім з боку краінаў Заходняй Еўропы. Гэта абавязак, які сёння мы павінныя заплаціць беларускаму народу, які цяпер пераследуе рэжым», – напісаў Яцэк Карноўскі ў абгрунтаванні рэзалюцыі.

Мэр таксама падкрэсліў, што ў цяпер у выпадку грамадзянаў Беларусі маем справу не з эканамічнай міграцыяй, а што, гэта ў першую чаргу барацьба за здароўе і жыццё.

«Цягам апошніх месяцаў беларусы прадэманстравалі нам вялікую мужнасць, братэрства і глыбокую адказнасць за сваю краіну. Сёння яны плацяць за гэта велізарныя кошты, іх саджаюць у турму, збіваюць і прыніжаюць. Над многімі з іх вісіць прывід шматгадовага зняволення і нават смерці. Мы павінныя даць суседзям прытулак і дапамагчы ім. Гэта наш маральны і хрысціянскі абавязак», – падкрэсліў ён.

Да гэтага моманту ў пункце 10 рэзалюцыі аб правілах арэнды камунальных кватэраў у Сопаце адзначалася, што мэр гораду можа выдзяляць памяшканні для былых высланых грамадзянаў польскай нацыянальнасці, якія цяпер жывуць у краінах былога СССР, і для замежнікаў, якія маюць статус бежанца. Рашэннем сопацкіх дэпутатаў да гэтых катэгорыяў грамадзянаў далучылі беларусаў, якіх пераследуюць на радзіме.

За пастанову прагаласавалі 14 дэпутатаў клубаў «Люблю Сопат» і «Платформа Сапацян», дэпутаты «Закону і справядлівасці» ўстрымаліся ад галасавання. Адсутнічалі тры чалавекі.

З 9 жніўня ў Беларусі працягваюцца акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыяў прэзідэнцкіх выбараў. Афіцыйна з вынікам 80,1 % перамогу атрымаў Аляксандр Лукашэнка. Яго апанент Святлана Ціханоўская, паводле звестак Цэнтрвыбаркаму, атрымалі толькі 10,1 % галасоў. Гэтыя вынікі беларусы і міжнародная супольнасць лічаць фальсіфікаванымі. Грамадзянаў, якія выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі, рэпрэсуюць.

Hавiны
«Мэта – выжыць і застацца на свабодзе». Як беларускія ўцекачы хаваюцца ў Польшчы
2020.10.18 14:30

ПЯ belsat.eu паводле PAP

Стужка навінаў