«Малады фронт» абраў новага старшыню


Новым старшынёй «Маладога фронту» стаў Дзяніс Урбановіч – адзін з найбольш актыўных удзельнікаў сёлетняй абароны Курапатаў. Пра гэта паведаміў у сацыяльных сетках Зміцер Дашкевіч.

Сойм Маладога Фронту абраў старшыню арганізацыі, якім стаў герой абароны Курапатаў Dzianis Urbanovič Віншуем і зычым вялікіх перамог!

Opublikowany przez Zmitsra Dashkevicha Sobota, 15 grudnia 2018

Дзяніс Урбановіч стаў вядомай фігурай сярод грамадзянскай супольнасці толькі сёлета, дзякуючы ягонаму ўдзелу ў абароне Курапатаў. Актывіста некалькі разоў затрымлівалі і прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці.

Дзяніс Урбановіч – ураджэнец Лагойску. У 2015 годзе ён быў арыштаваны і адсядзеў 2 гады за акцыю, якую ён з малодшым братам зладзіў на выбарчым участку падчас прэзідэнцкай кампаніі.

«Я заскокнуў на дах выбарчага ўчастку, скінуў сцяг, зламаў інфармацыйны шчыт, дзе распавядалася пра кандыдата Аляксандра Лукашэнку. А на выбарчым плакаце я маркерам напісаў «За празрыстыя выбары». Ну і так атрымалася, што калі я зрываў сцяг, я яго парваў па лініі арнаменту – разумееце, было проста нязручна, я там баяўся, каб не зваліцца. На наступны дзень – 3 кастрычніка – нас усіх затрымалі і прывезлі ў Лагойскі РАУС», – распавядаў раней Урбановіч карэспандэнту belsat.eu.

Затрыманне Дзяніса Урбановіча ў Курапатах. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Дзяніса Урбановіча і ягонага брата Максіма (на выбарчым участку яны былі разам) арыштавалі. Была распачатая крымінальная справа паводле арт. 370 (здзек на дзяржаўнымі сімваламі) і ч. 1 і 2 арт. 339 (хуліганства) Крымінальнага кодэксу. У выніку Дзяніс атрымаў 2 гады зняволення, ягоны брат – 1,5 гады. Браты Урбановічы адсядзелі свае турэмныя тэрміны цалкам. Пасля вызвалення Дзяніса памясцілі пад прэвентыўны нагляд, як асобу нібыта «схільную да экстрэмізму». «Гэта пачалося яшчэ ў калоніі, калі я патрабаваў бірку на беларускай мове», – тлумачыў сваю «рэпутацыю» актывіст.

У чэрвені Урбановіч распавядаў «Белсату», што далучыўся да партыі БСДП «Народная Грамада» Міколы Статкевіча.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў